Міхаіл Быкоўскі з Меркулавіч лепшы на прэсаванні сена

Усё сваё жыццё Міхаіл Быкоўскі шчыруе на палетках роднай меркулавіцкай зямлі. Перад службай ва Узброеных Сілах краіны працаваў вадзіцелем, а пасля арміі перасеў за руль трактара. Так больш за 35 гадоў па сенажацях і бульбяных палетках.

Калісьці ў саўгасе «Меркулавічы» налічвалася 3 трактарныя брыгады, у адной Міхаіл быў брыгадзірам. Шмат зямлі перавярнулі плугі яго «Беларуса» пад зерневыя, а яшчэ больш – пад бульбу. Мужчына з году ў год садзіў, акучваў, апрацоўваў тукамі і затым збіраў на камбайне нямецкай вытворчасці добрыя ўраджаі другога хлеба.

Сёння аб’ёмы вырошчвання бульбы ў гаспадарцы значна меншыя, таму Міхаіл Быкоўскі заняты на прэсаванні сена. У гэтым годзе для пагалоўя грамадскага статка неабходна нарыхтаваць на зіму 900 тон гэтага корму. Вопытны механізатар на МТЗ-80 накатаў па полі 482 тоны сухой травы. І гэта самы высокі паказчык у раёне.

Аграрый заўсёды ў лідарах гарачых сезонных сельскагаспадарчых працэсаў, а зімой рамантуе тэхніку і займаецца адвозкай гною. Прозвішча перадавога работніка раней было занесена на раённую Дошку гонару. Штогод трактарыста ўшаноўваюць граматамі, падзячнымі лістамі і падарункамі ад райвыканкама і прафсаюза АПК. Не абыйшлі ўвагай і сёлета – Анжаліка Краўчанка паціснула руку механізатару і ўручыла дыплом пераможцы.

В.БАГДАНОВІЧ

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика