жыцця апошнія акорды

Калі з неба падае зорка, значыць, на зямлі кагосьці не стала. На 82-м годзе жыцця закацілася яркае сонейка таленавітага гарманіста, добрага чалавека і шчодрага сябра Пятра Міхеевіча Гербаносенкі. Яго басаногае дзяцінства прайшло ў в.Старая Яцкаўшчына. Там Пётр Міхеевіч зрабіў першыя нясмелыя крокі па шырокіх масніцах бацькоўскай хаты, там навучыўся “размаўляць” на мове галасістага гармоніка, адтуль пачаўся яго шлях у будучыню.
Ажаніўшыся на адной з глыбочыцкіх прыгажунь, Пятрусь пераехаў на радзіму жонкі, дзе і пачалі маладыя будаваць сямейны лад і ўласную хату. Адзін за другім нарадзіліся чацвёра дзяцей, жыццё пульсавала і набірала тэмп. Ва ўнісон рытмічным найгрышам старой двухрадкі праходзіў лёс і гэтага апантанага чалавека. Вясёлага музыку запрашалі на ўсе вяселлі і вясковыя вечарыны, без віртуоза-гарманіста не абыходзілася ні адно свята. І тое, што пасаду загадчыка хатай-чытальняй мужчына ў хуткім часе змяніў на работу ў сельскім Доме культуры, нікога не здзівіла. Пачынаючы з 1970-х, да самага выхаду на заслужаны адпачынак і пасля яшчэ тры гады Пётр Міхеевіч кіраваў Глыбочыцкім клубам, стварыў фальклорны калектыў і праславіў Чачэршчыну на ўсю краіну глыбочыцкімі вячоркамі. Жаночы гурт выступаў на рэспубліканскім тэлебачанні, аб’ездзіў усю Беларусь і нават пабываў за яе межамі. А колькі самадзейныя артысты “адстаялі” цікавых канцэртаў у раёне… Пётр Гербаносенка стаяў на пачатку стварэння народнага калектыву “Чачэрскі гармонік” і ўжо тады здабываў яму заслужанае прызнанне.
Выдатны музыкант быў яшчэ добрым бацькам, прыветлівым суседам, уважлівым мужам, з якім жонка Марыя Іванаўна пражыла ў згодзе і спагадзе больш за паўстагоддзе. На ім трымалася ўся хатняя гаспадарка. Пётр Міхеевіч не забываўся і пра грамадзянскі абавязак, падчас касавіцы дапамагаў мясцоваму калгасу ў нарыхтоўцы кармоў. Працавіты, добразычлівы, шчодры, ён заўсёды знаходзіў сабе занятак па душы. Залатыя рукі майстра ўмелі шмат чаго: і араць, і цвік забіць, і зрубіць аднавяскоўцам лазню. Але больш за ўсё яго пальцы былі звычныя да пругкіх гузікаў двухрадкі. Нават у адзін з апошніх дзён свайго жыцця Пётр Міхеевіч папрасіў жонку: “Марыя, падай-ка мне гармонік”. Адкуль і сілы ўзяліся. Расцягнуў мяхі, націснуў на клавішы – палілася знаёмая мелодыя, напоўнілася хата радасцю. Інструмент спяваў, бадзёра звінелі акорды, а з вачэй мужчыны каціліся слёзы – гэта па бледнай маршчыністай шчацэ збягаў боль і смутак аб прайшоўшай маладосці, аб мінулай зухаватасці, аб песні, якая яшчэ не прагучала. Жыццё мінула…

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика