Аберагаць лес Аляксандр Гулевіч лічыць за гонар

Да прыроднага багацця – з любоўю.

Веснавое азеляненне напрамую тычыцца лясных угоддзяў. Падчас сезонных работ лесаводы актыўна займаюцца аднаўленнем і папаўненнем лясных запасаў. Хапае гэтага клопату і ў лясніка Нісімкавіцкага лясніцтва Аляксандра Гулевіча.

Выбіраючы прафесію, чалавек у вялікай меры вызначае сваю будучыню і лёс. Бо на рабоце праходзіць большасць яго часу, фарміруецца характар, пашыраецца светапогляд, умацоўваецца асабістае станаўленне. І ад таго, кім стаць, залежыць лад жыцця ў цэлым. У Аляксандра Уладзіміравіча яго жыццё – лес. Хаця працаваць у галіне лясной гаспадаркі вясковец не планаваў, аднак так павярнулася фартуна. Пачынаў з пасады дзяжурнага пажарнай вышкі ў 1998-м. І вось ужо 25 гадоў ён гаспадарыць больш як на паўтары тысячы гектарах хваёва-лісцяных насаджэнняў. А турбот тут хапае: гэта і забеспячэнне супрацьпажарнай бяспекі, і ахова ад парушальнікаў заканадаўства, правядзенне рубак і іншых работ па догляду за лесам. Але галоўнае – штогадовая пасадка маладняку. У гэтым годзе Аляксандру Гулевічу неабходна дапоўніць лясны фонд на 80 гектарах і пасадзіць новых бяроз і сасонак на плошчы 115 га. Важна таксама забяспечыць лясніцтва насенным матэрыялам, для чаго зімой ім было нарыхтавана каля 400 кілаграмаў сасновых шышак. Праяўляе ляснік і клопат пра жывёльны свет на сваім абходзе: сочыць за міграцыяй парнакапытных млекакормячых, аберагае гнёзды чырвонакніжных птушак і рыхтуе для пералётных шпакоўні – сёлета іх устаноўлена рукамі лесавода 50 штук.

За стараннасць і шматгадовую працу Аляксандр Гулевіч адзначаны нагрудным знакам «20 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь», яго імя занесена на раённую Дошку гонару. «Я люблю сваю работу, іншай і не ўяўляю, – усміхаецца Аляксандр Уладзіміравіч. – А яшчэ прыемна, што і дачка Анжэла пайшла па маіх слядах, яна працуе майстрам лесу Буда-Кашалёўскага лясніцтва. Аберагаць лёгкія планеты – справа высакародная, і я служу ёй з жаданнем».

Яніна ДАНОВІЧ.
Фота аўтара.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика