Пасеем жыта і пшанічаньку. Зарадзі, Божа, усякую пашнічаньку.

Яшчэ здалёк быў чутны гул матора магутнага трактара Т-8040, на якім механізатар ААТ “Отар” Анатоль Круглікаў на досвітку “абыходзіў” пшанічнае поле. Залатое зерне лягло ў мяккую глебу за некалькі гадзін, і ўжо бліжэй да 12.00 сеялка “пускала пыл” на іншым участку. Вясенні дзень год корміць, гаворыць народная мудрасць, таму марудзіць падчас сяўбы нельга. Гэта добра разумее перадавы механізатар і беражэ кожную хвіліну светлавога дня, максімальна ўкладваючы ў працоўны працэс свае сілы і выкарыстоўваючы на поўную моц магчымасці энерганасычанай тэхнікі. У дзень Анатоль высявае яравых ад 50 да 70 гектараў, не выходзіць з кабіны да позняга вечара, і таму вынік яго працы, як кажуць, нібы на далоні. Роўнае, адпрасаванае плугамі і боранамі поле дачакалася, урэшце, пузатых зярнятак і гатова зарадзіць высокім коласам. “Уся надзея на надвор’е, – гаворыць механізатар. – На суседнім полі вунь якая рунь паднялася. І мая пшанічка, спадзяюся, дасць дружныя ўзыходы. А як жа – столькі намаганняў прыкладзена!”.
Дажыдаюць дробнага дожджыку і цёплага сонейка палеткі з ячменем і аўсом, сыплюцца ў свежую зямельку жытнёвыя зярняткі, закладаецца падмурак будучага караваю. І на ўспамін прыходзяць словы з песні: “…Пасеем жыта і пшанічаньку. Зарадзі, Божа, усякую пашнічаньку”. Будзем з хлебам!

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика