На малой радзіме: ушанавалі дарагое сэрцу месца, адкуль пайшоў род

Сёлета спаўняецца 100 гадоў з дня заснавання пасёлка Новае Залессе Нісімкавіцкага сельсавета. Верныя сыны сваёй малой радзімы аддаюць даніну павагі гэтаму роднаму светламу краю.

Першыя жыхары пераехалі сюды са шматлюднага некалі Залесся і бліжэйшых вёсак. Пасёлак заснавалі ў чыстым полі, на «сямі вятрах». Адну з вуліц назвалі па колькасці двароў Вялікай (было 28 хат), а другую Малой. Гаспадары атрымалі па надзелу ўрадлівай глебы, у хлявах зарыкала скацінка, у хаце зазвінеў дзіцячы смех. А сем’і былі вялікімі, па 8 і больш дзяцей. За ваколіцай хутка паставілі калгасную стайню, а потым пабудавалі кашару для авечак. Так у Новазалессі, каля ціхай мелкаводнай рачулкі Пагарычка, нарадзілася жыццё і людзі жылі дружна. На шчодрых палетках сяляне працавалі, як на ўласных агародах. Апрацоўвалі зямлю на конях, жыта жалі сярпом. Затым з’явіўся трактар «Універсал». Першым трактарыстам стаў Пётр Карпенка, а ўжо потым за руль тэхнікі сеў Мікалай Кажуханаў. Стаптала некалькі пар ботаў і знасіла не адну аўчыну за 42 гады ў паляводстве Надзея Карпенка. Пры калектывізацыі амаль усе гаспадары сталі калгаснікамі, у асноўным былі блізкімі родзічамі. Калгас, які атрымаў назву ад населенага пункта і праіснаваў да ўзбуйнення з «Ленінскім шляхам», з’яўляўся адным з лепшых у Свяцілавіцкім на той час раёне. Вяскоўцы заўсёды адклікаліся на вялікія дзяржаўныя падзеі. Так, на асваенне цаліны з’ехалі Еўдакія і Анюта Маславы. Пётр Гарбачоў быў будаўніком у Мурманскай вобласці, Аляксандр Паціпка на лесараспрацоўках у Карэла-Фінскай ССР. Многія хлопцы служылі на Балтыйскім і Чорным марах. Віктар Шкурынаў пабываў у гарачых кропках, прайшоў Афганістан.

Былі ў Новазалессі і свае таленты. На сумесных вечарынах надаваў азарту аднавяскоўцам гарманіст Іван Шкурынаў. У сям’і Івана Максімавіча было 5 дзяцей. Адзін з іх – Пётр Іванавіч – стаў вучоным аграномам, дацэнтам, кандыдатам сельскагаспадарчых навук, напісаў больш 100 навуковых работ, аўтар 9 патэнтаў на вынаходніцтвы. Просты вясковы хлопец дасягнуў высокіх вяршыняў прафесійнага майстэрства, таленту і славы, займеў сям’ю і новы дом, змяніў вясковы быт на гарадскую мітусню. Аднак пра родныя берагі малой радзімы не забывае. У 2017 годзе па яго ініцыятыве разам з родзічамі, якім неабыякавы лёс дзедаўскай зямлі, на ўездзе ў населены пункт, дзе раней стаяла хата Пелагеі Маславай, быў усталяваны памятны знак у гонар жывых і памерлых аднавяскоўцаў. На мармуровай пліце прозвішчы Маславых, Загорцавых, Гарбачовых, Хрысціных, Трушковых, Шкурынавых і іншых жыхароў. Гэтай вясной перад Радаўніцай Пётр Іванавіч з павагай і падзякай дарагой вёсачцы за лёс і канапатае дзяцінства, з нагоды 100-годдзя пасялення дапоўніў знакавае месца памятнай шыльдай. Гэта стала магчымым пры фінансавай падтрымцы і з дапамогай брата Валерыя, зяця Юрыя, дваюраднага брата Аляксандра Хрысціна з Варонежа і траюраднага, ваеннага лётчыка, палкоўніка Пятра Маслава з Падмаскоўя, якія пераадолелі доўгія кіламетры, каб сустрэцца ў вызначаны час. Да ўрачыстасці далучыліся таксама іншыя вяскоўцы, якія ў той дзень прыехалі пакланіцца магілам продкаў. З настальгіяй аб мінулым і душэйным болем Пётр Іванавіч выступіў з кароткай прамовай і прачытаў некалькі вершаў любімага паэта, вядомага беларускага класіка Якуба Коласа пра сялянскае турботнае і шчаслівае жыццё, шырокія вясковыя прасторы і пагоркі. У журботным маўчанні пастаяў хвіліну каля векавой ліпы, што пасадзіў ля хаты яго дзед Максім Данілавіч, пяшчотна пагладзіў ствалы магутных дубоў.

Пасёлак на 35 падворкаў год за годам пусцее. Сёння тут засталося ўсяго некалькі хат. Першы, каму паціснуў руку Пётр Шкурынаў, быў яго сусед, колішні механізатар і конюх Аляксандр Трушкоў. Шчырыя абдымкі ўскалыхнулі пачуццё радасці ад сустрэчы з аднавяскоўцам Мікалаем Гарбачовым. Пагаварылі, успомнілі маладосць, памянулі загінуўшых на франтах вайны і раз’ехаліся. Развіталіся да наступнай сустрэчы, да наступнага спаткання з былым, якое ўсё далей і далей адплывае ўдалеч акеана жыццёвых клопатаў і перамен. Так, усё змяняецца, але адно застаецца пастаянным – любоў да малой радзімы і сыноўняя вернасць зямлі, якая ўзгадавала і вывела ў людзі.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика