Калі ёсць старанне ў полі, на стале ўсяго будзе даволі

Васіль Шагаў.

Сытны кармавы стол, дастатковы рацыён харчавання і добры догляд жывёле гарантуюць высокія надоі малака і значныя прывагі мяснога пагалоўя. У раёне падрыхтоўка да зімова-стойлавага перыяду ідзе поўным ходам. А на палетках Чачэршчыны працягваецца зялёнае жніво. Старанныя сяляне штодзень шчыруюць на сумленне, бо разумеюць: ад вынікаў іх працы залежыць, ці будзе на нашым агульным стале малако і мяса. Па стане на 8 верасня з палёў раёна вывезена 13 працэнтаў кукурузы.

Заклапочаны нарыхтоўкай кармоў грамадскаму статку на зімнія месяцы і ў КСУП «РоўкавічыАгра». Усяго для 1 280 умоўных галоў БРЖ тут мяркуюць назапасіць 2617,7 кармавых адзінак сакавітага сіласу, аснова якога – кукуруза. Дарэчы, на ўгоддзях з каралевай палёў шчыруе Ігар Пацееў. Загадчык мехмайстэрні з лёгкасцю мяняе прафесію і садзіцца ў кабіну кормаўборачнага камбайна, калі таго патрабуюць абставіны. У гаспадарцы ён 22 гады, справу ведае на выдатна, яго КВК-800 упэўнена рухаецца па кукурузным палетку, у сярэднім абягаючы 20-25 гектараў плошчы за дзень. На ўборцы мужчына восьмы сезон, яго стараннямі і адказным падыходам да працоўных абавязкаў забяспечваецца надзейны падмурак харчовай базе для рагуль і бычкоў на адкорме.

Ігар Пацееў.

А на сіласнай яме штодзень на трамбоўцы – магутны і вынослівы Амкадор, якім кіруе вопытны і працавіты механізатар з 30-гадовым стажам работы за рулём трактара Васіль Шагаў. У Роўкавічах ужо закрылі адну яму на 1 900 тон, а цяпер калёсы тэхнікі ўшчыльняюць здробненую масу ў Караблішчы, дзе плануецца закансерваваць грамадскаму статку 1 500 тон. З вырашчаных 806 гектараў кукурузы 100 выдзелена ў гаспадарцы пад насенне, а астатняе пойдзе сіласам у кармушкі на малочнатаварныя фермы. І Васіль Мікалаевіч прыкладае ўсе намаганні, каб корм грунтоўна быў падрыхтаваны да захавання.

Неабходна сказаць, што механізатар жыве ў вёсцы Рагінь суседняга Буда-Кашалёўскага раёна і на працу ў Роўкавічы прыязджае вось ужо 10 гадоў запар. Адлегласць працягласцю ў 12 кіламетраў – зусім не перашкода, бо кіраўніцтва гаспадаркі паклапацілася і арганізавала падвоз яму і яшчэ чатыром работнікам з гэтага ж населенага пункта. Для мужчыны Чачэршчына стала другой радзімай, тым месцам, дзе ёсць магчымасць атрымаць заробак для сям’і, у якой выхоўваецца двое дзяцей. Восенню – гэта нарыхтоўка кармоў, а ў астатнія перыяды Амкадор задзейнічаны на пагрузцы зерня, вывазцы ўгнаення, чыстцы дарог і іншых сельскагаспадарчых работах.

Пакуль на адных палетках камбайны ходзяць з канца ў канец і жнуць кукурузу, на другіх вядзецца сяўба азімых культур. Роўкавіцкія аграрыі ўжо закрылі на зіму 360 гектараў рапсу, а цяпер занятыя на зерневых, якіх тут мяркуюць пасеяць на плошчы: 600 га трыцікале, 450 га пшаніцы, 360 га ячменю і 190 га жыта. З задачай, як запэўнілі хлебаробы, яны справяцца. Толькі б не падвяло надвор’е і тэхніка, быў здаровым калектыў. Усё па плячы, калі ёсць агульная зацікаўленасць, працоўны задор і станоўчыя ўмовы арганізацыі сяльгасработ.

В.БАГДАНОВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика