Лепшых жывёлаводаў адзначылі за працу

Рэспубліканская акцыя «Наш жывёлавод» крочыць ад фермы да фермы, ушаноўваючы старанні і вясковы клопат лепшых працаўнікоў па вытворчасці малака і мяса.

Словы падзякі за плённыя вынікі па надоях і прывагах за мінулы месяц атрымалі працаўнікі МТФ «Залессе» на 600 галоў дойнага статка сяльгаспрадпрыемства «Звязда». Сёння на ферме атрымліваюць у сярэднім 20 літраў сырадою на ўмоўную адзінку галавы ў дзень, а гэта адзін з найвышэйшых паказчыкаў у раёне. З выдатным вынікам перадавікоў вытворчасці павіншавала і паціснула ім рукі выконваючая абавязкі старшыні абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Галіна Салавей. Калектыў «Звязды» дружны і згуртаваны. Многія з работнікаў у галіне жывёлагадоўлі больш паловы жыцця. Напрыклад, у загадчыцы МТФ «Покаць» Аксаны Мельнікавай стаж работы 35 гадоў, з якіх 13 – на дадзенай пасадзе. Даглядчык Сяргей Гунькоў корміць бычкоў і цялушак тры дзясяткі зім і вёснаў, а аператар машыннага даення Надзея Кавалёва на дойцы 24 гады. Назаўсёды звязала лёс з вёсковымі турботамі яе калега Валянціна Каровіна і многія іншыя. Такая вернасць і адданасць прафесіі выклікаюць гонар і павагу, адзначыла Галіна Станіславаўна. А яшчэ адчуваецца дзелавы падыход і зацікаўленасць кіраўніцтва. Дырэктар сяльгаспрадпрыемства Галіна Трыбунах забяспечыла калектыву належныя ўмовы працы і яе аплаты, у «Звяздзе» прымяняюцца перадавыя метады і тэхналогіі, набываецца неабходнае абсталяванне, узводзяцца новыя вытворчыя аб’екты. Так што стымула дабівацца высокай прадуктыўнасці работы і выпуска прадукцыі жывёлагадоўлі вышэйшага гатунку тут дастаткова.

Добрыя вынікі па надоях і прывагах паказваюць і іншыя гаспадаркі краю. Атрымалі падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў АПК перадавікі ААТ «Палессе» Алена Болсун і Сяргей Сільчанка. Словы падзякі прафсаюзны лідар Анжаліка Краўчанка адрасавала таксама отарскім працаўнікам Галіне Талкачовай і Таццяне Фомчанка, якая атрымала 1 165 грамаў прывагі БРЖ на адну ўмоўную адзінку – самы высокі паказчык у раёне за студзень.

В.БАГДАНОВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика