Вялікі клопат каля маленькіх гадаванцаў роўкавіцкіх жывёлаводаў

Аснова вялікага малака і важкіх прываг буйной рагатай жывёлы закладваецца тут, у доміках халоднага вырошчвання, на самых першых кроках пасля нараджэння цяляці.

Здаровае і сытае пагалоўе – гарантыя добрых вытворчых паказчыкаў, а на чале гэтых карпатлівых сельскагаспадарчых турбот стаяць старанныя і руплівыя людзі працы. Жывёлавод роўкавіцкай малочнатаварнай фермы Аляксандр Даўгацелес усё жыццё каля грамадскага статка. Карміў бычкоў і цялушак, 13 гадоў пасвіў кароў, вырошчваў парсюкоў на свінакомплексе. А сёння ён даглядае маладняк ва ўзросце да 3 месяцаў. У яго «дзіцячым садку» выхоўваецца 33 галавы. Цяляты вітаюць свайго карміцеля вясёлым рыкам, бо ведаюць, што гаспадар напоіць іх цёплым малачком і дасць камбікорму. Мужчына знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але, калі спатрэбілася яго дапамога, паддаўся на ўгаворы дырэкцыі і «прыняў на рукі» нованароджаных малышоў. Дарэчы, яго сын Дзмітрый – адзін з лепшых механізатараў гаспадаркі. У мінулым годзе на ўборачнай ён стаў першым камбайнерам-тысячнікам раёна. Сямейны дуэт – як прыклад перадавога вопыту і добрасумленных адносін да вясковай справы.

З пяшчотай і любоўю адносіцца да сваіх падапечных цялятніца Алена Філіпчанка. На ферме ў Залаўе пад яе наглядам звыш 40 галоў малых гадаванцаў. За 10 з лішкам гадоў працы ў жывёлагадоўлі паспрабавала сілы на адкорме і дарошчванні буйной рагатай жывёлы. Але самы адказны ўчастак – каля домікаў халоднага вырошчвання. Тут неабходны асаблівы падыход. Алена шкадуе сваіх шустрыкаў і нават памятае, хто ў які дзень нарадзіўся. Напрыклад, толькі-толькі яна прыняла на выхаванне бычка Бельчыка. Жывёліна даверліва цягнецца да чалавека, чакае цяпла і пяшчоты. Да такіх вось, самых маленькіх і кволых, паярка ставіцца з вышэйшай адказнасцю. Бо, адарваныя ад вымя каровы, яны патрабуюць найбольшай увагі. Працэс адлучэння цяляці ад соскі да выпайкі з вядра займае не адзін дзень. Тут неабходны цярпенне і навыкі. У Алены Мікалаеўны ўсё атрымліваецца, бо яна разумее, што на яе спадзяюцца, ёй вераць і дзячаць за адказнасць.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика