НІБЫ ЦАРСКІЯ ПАЛАТЫ…

Яшчэ здалёк домаўладанне жыхара аграгарадка Вазнясенскі Ленінскага сельсавета Пятра Рашэтнікава ўражвае і быццам заклікае пераступіць парог і зайсці ў госці. Нібы царскія палаты, узвышаецца на пагорку па вуліцы Лугавой хата гаспадара, пабудаваная яго ж рукамі ў 1960-х гадах. Але час не пашкодзіў роднага вугла, бо яму надаецца максімум увагі. У мінулым годзе быў пакладзены новы дах, у гэтым – старыя вароты заменены на металапрофіль, пафарбаваны фасад домаўладання, адрамантаваны палісад і агароджа. Дом, нібы вялікоднае яйка, прыгожы і моцны, быццам толькі што з-пад сякеры. Але аднаму гаспадару такую работу правесці было б цяжка. Таму заўсёды побач жонка Любоў Емельянаўна: яна і з пэндзлікам, і з граблямі, і каля кветак. Падчас працоўнага адпачынку таксама завіхалася разам з бацькамі дачка Людміла, якая зараз жыве ў Магілёве. Прыехаць да родных у светлую хату – ці ж гэта не радасць. “Мы фарбу тры гады збіралі, закупалі пакрысе, – усміхаецца маці. – Харомы ж вунь якія высокія! Затое цяпер на ўсё жыццё нам хопіць”.
Мужу і жонцы Рашэтнікавым ужо за 70. За плячыма – доўгі працоўны шлях, перажытыя жахі вайны. Але прывучаныя заўжды ўсё здабываць уласнымі рукамі, звыклыя ні на каго не спадзявацца, яны не цураюцца вясковай працы, любяць зямлю, сваю хату, з якой выйшлі ў свет пяцёра іх дзетак. І якім зараз будзе яшчэ прыемней вяртацца туды, дзе засталося іх сэрца.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика