НА ВЕТРАЗЯХ НАТХНЕННЯ

У 10 класе Алене Осіпавай настаўнікі прапанавалі пайсці вучыцца на педагога. Намеснік дырэктара ўстановы адукацыі казала, што ў дзяўчынкі для гэтага ёсць усе задаткі. Але выпускніца выбрала іншы шлях і паступіла ў Магілёўскае культасветвучылішча і атрымала дыплом рэжысёра свят і абрадаў. У 2006 годзе яна заняла пасаду мастацкага кіраўніка гарадскога Дома культуры. Толькі яе абавязак не абмяжоўваецца работай з калектывамі ГДК, падборам рэпертуару і куратарскай дзейнасцю гуртоў. Яшчэ ў тыя ж школьныя гады яна паказвала выдатныя арганізатарскія здольнасці, рыхтавала цікавыя конкурсы і КВНаўскія спаборніцтвы. Цяпер жа гэта стала яе прафесіяй. Напісаць сцэнарый да пэўнай юбілейнай даты, падрыхтаваць канцэртную праграму да прафесіянальнага свята, падабраць самых таленавітых да ўдзелу ў раённых, абласных і рэспубліканскіх фэстах – усё кладзецца на яе плечы. Безумоўна, побач з Аленай – надзейныя сябры і добрыя калегі. І ўсе творчыя перамогі магчымы толькі з іх дапамогай.
Святаў і яркіх культурна-масавых мерапрыемстваў, рэжысурай якіх займаецца мастацкі кіраўнік, не пералічыць У гэтым годзе такім неардынарным і вобразным стаў творчы праект “Суперстар”. Важна, што і самі ўдзельнікі былі вельмі зацікаўлены, яны з ахвотай прыходзілі на рэпетыцыі, а цяпер не дачакаюцца правядзення трэцяга этапа. Таксама з зайздросным энтузіязмам спяшаюцца на спеўныя заняткі да Алены ўдзельнікі клуба аматарскай сцэны “Комас”. Яны не проста ідуць, а нібы ляцяць на крылах духоўнай узнёсласці, плывуць на ружовых ветразях натхнення да свайго кіраўніка. Алена радуецца творчым поспехам свайго калектыву і работнікаў аддзела культуры. Калі свята ўдалося – значыць, праца была недарэмнай.
У А.Осіпавай невычарпальны палёт фантазіі. Яе рэжысёрская задумка рознапланавая, яскравая і багатая. Але іншы раз, як яна сама прызнаецца, даводзіцца прытрымлівацца пэўнага рэгламенту, разгарнуцца на поўную сілу не ўяўляецца магчымым з-за, калі так можна назваць, сцэнічных стандартаў, стрымлівае характэрнасць тэматыкі таго ці іншага свята. А вось там, дзе можна “вычвараць” і дзейнічаць без абмежавання, – б’е ключом фантан чалавечай выдумкі і таленту. Адзін з прыкладаў такога працоўнага і духоўнага ўздыму – падрыхтоўка творчага праекта “Землякі”, які плануецца правесці ў рамках святкавання 855-годдзя з дня заснавання г.Чачэрска. Згодна гэтаму, удзельнікі праекта з ліку вядомых і паважаных на Чачэршчыне асоб павінны будуць паказаць сябе ў некалькі іншым, невядомым астатнім ракурсе свайго жыцця і аматарскіх захапленняў. Магчыма адновіць работу праект мінулых гадоў “Сустрэча без гальштука”. Хто ведае, што там прыйдзе на розум энергічнаму, ініцыятыўнаму і адаронаму культасветніку, чалавеку з крылатай марай і светлымі памкненнямі.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика