быць каля хлеба гэта гонар

Сваю першую тысячу тон зерня намалацілі пастаянныя лідэры жніва, камбайнёры КСУП “Батвінава” Анатоль Фацік і Юрый Болдыраў. І хоць яны крыху адсталі ад асобных тысячнікаў гаспадарак раёна, але ў родным сельгаспрадпрыемстве па-ранейшаму ўтрымліваюць высокую планку лідэрства вось ужо каторы год. Апярэдзілі астатніх батвінаўскіх хлебаробаў і вадзіцелі на адвозцы Фёдар Хальцоў, Іван Ермакоў, Пётр Ядчанка. Рэйс за рэйсам дастаўляючы тоны новага ўраджаю на зернесушыльны комплекс, яны тым самым пацвердзілі сваю неабыякавасць да ўсенароднай сельскагаспадарчай задачы. Павіншаваць герояў дня і ўручыць Падзячныя лісты ад імя старшыні Чачэрскага райвыканкама прыбылі выконваючы абавязкі начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Васіль Шкараедаў і галоўны рэдактар газеты “Чачэрскі веснік”, член раённага выканаўчага камітэта Ірына Гоцманава. Каштоўнымі падарункамі адзначылі працу аграрыяў дырэктар гаспадаркі Уладзімір Кебікаў. А надзялілі радасцю сустрэчы, тэматычнымі вершамі і добрай музыкай выхаванцы мясцовага дзіцячага садка і артысты Меркулавіцкага ЦСДК. Песня жніва прыйшла да хлебаробаў прама ў поле. І ёй ва ўнісон падпяваюць магутныя маторы сталёвых камбайнаў.
Таксама Падзячныя лісты, падарункі, словы віншавання, песні атрымалі на гэтым тыдні чарговыя хлебаробы-тысячнікі раёна: дасягнулі чаканых паказчыкаў па намалоту экіпаж камбайна ў складзе Сяргея Рослікава і Кірыла Кандрацьева з ААТ “Отар”. Дружнай камандай яны ўпэўнена вядуць тэхніку па шырокай ніве, падмінаючы магутнай жаткай спелае цяжкое калоссе. Адначасова выбіліся ў лідэры два экіпажы камбайнаў КСУП “Вазнясенск”, імкнучыся дагнаць у хлебным маршы сваіх калег. Удзячнасць за працоўнае старанне на жніве аграрыям Івану Лопухаву, Уладзіміру Дворніку, Аляксандру Ананенку і Анатолю Райкову выказалі намеснік старшыні райвыканкама Пётр Несцяровіч і спецыялісты сельгаспрадпрыемства. Падтрымалі настрой гаспадароў пшанічных палеткаў выхаванцы Камуна-Ленінскай школы. Быць каля хлеба – гэта ганаровая работа, і яе з поспехам выконваюць чачэрскія земляробы.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика