Лідэр на сяўбе яравых зерневых культур

Лідэрам на сяўбе яравых зерневых культур у раёне зяўляецца адна з вядучых гаспадарак – ААТ “Отар”. На шырокіх палетках ужо пачало прыжывацца насенне пшаніцы, ячменю, зернебабовых культур. У авангардзе пасяўных работ каторы год ідзе механізатар Анатоль Круглікаў. На сваім Т8040 з сеялкай “HORSH”, шырыня захопу якой 6 метраў, ён за дзень абягаў ад 40 да 50 гектараў пасяўной плошчы. З шасці гадзін раніцы да васьмі вечара гудзеў матор яго магутнай тэхнікі, каб не спазніцца апладзіць сырую зямельку залатымі зярняткамі будучага ўраджаю.
Нібы вартавы, назіраў за ходам палявой работы і пастаянна знаходзіўся непадалёк вадзіцель Уладзімір Філіпчанка. Каб не было прастою ў гэты гарачы час, яго машына сваечасова дастаўляла на поле пасяўны матэрыял. Ды і працаваць значна весялей, калі ёсць нехта побач: ці то цыгарку выкурыць, ці параіцца ёсць з кім. Хаця, як прызналіся сейбіты, з кабіны выходзілі зрэдку – кожная хвіліна была на ўліку.
Услед механізаванаму працэсу работы паралельна пачыналася і фізічная: каб на полі не пуставала нават кавалка зямлі, праводзілася засяванне каля электрычных слупоў. Гэты абавязак узяў на сябе малады аграном гаспадаркі Ігар Росін. “Ну, як тут пакінеш такі кусок пуставаць, – абурыўся ён на маё пытанне. – Гэта ж столькі ўраджаю прападзе. На гэтым полі мы мяркуем атрымаць 40-45 цэнтнераў аўса з гектара. Зямля добра адпачыла, час ёй забуйніць густой нівай. А восенню, дзе не захопіць жатка, давядзецца абжынаць каласы сярпом. Нічога не зробіш, інакш не атрымоўваецца”. Ігар Сяргеевіч ужо два гады, як працуе ў сельгаспрадпрыемстве па размеркаванню пасля заканчэння Чырвонабярэжскага саўгаса-тэхнікума. І чачэрскі край не чужы для яго, бо менавіта тут ён атрымаў першыя практычныя пазнанні сваёй высакароднай прафесіі.
Отарскія аграрыі могуць уздыхнуць з палёгкай – адсеяліся. Адчуваюць радасць ад выкананай справы і тыя, хто раздзяліў клопат хлебаробаў: збіралі камяні, смецце і абкопвалі тэрыторыю вакол слупоў педагогі і вучні Отарскай школы, СШ №2, працоўны калектыў дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці. Яны таксама ўнеслі свой уклад у агульны каравай.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика