НЕ ДАЮЦЬ ТРАВЕ ЗАСТАЯЦЦА

Вясеннюю сяўбу паступова змяніў чарговы сельскагаспадарчы сезон. Пачалася масавая нарыхтоўка кармоў, адна тысяча тон якіх каштуе 700-800 мільёнаў рублёў. Мінулагодні вопыт у раёне паказвае, што трэба як мага актыўней збіраць з палёў першую траву. Усвядомілі гэта і ў ПСУП “Роўкавічы”. Менш за тыдзень тут працягваецца зялёнае жніво. Дырэктар сельгаспрадпрыемства М.Леўкавец расказвае, што плануюць выкарыстоўваць сістэму трохдзённай працы. Умовы такія: калі калектыў, задзейнічаны на нарыхтоўцы кармоў, за трое сутак запаўняе адну сянажную яму, прычым абавязкова якасна, то атрымлівае прэмію тры мільёны рублёў. Калі ж пастаўленая задача будзе выканана толькі за чатыры дні, то памер грашовай выплаты знізіцца да двух мільёнаў, за больш марудныя тэмпы прэмія не прадугледжана. І такія ж умовы распаўсюджваюцца на кожную запоўненую яму. Адна такая ў ПСУП “Роўкавічы” ўжо мелася падчас нашага наведвання. Гэта заслуга Мікалая Скакалава і Дзмітрыя Даўгацелес, якія з пяці гадзін раніцы і да дзесяці вечара косяць траву, варушыць яе Валерый Яўтухоў, збірае на новым КВК-8000 Віталь Бублікаў, з якім, дарэчы, мы не так даўно сустракаліся на пасяўной. Адвозяць зялёную важкую масу Мікалай Дамасканаў, Мікалай Трыбуналаў і Аляксандр Васільеў. А кругласутачна ўтрамбоўваюць падвяленую траву Канстанцін Васільеў і Дзяніс Патапенка. Можна сказаць, жывуць тут, на месцы працы харчуюцца і адпачываюць. І толькі праз кожныя тры дні маюць паўнацэнны выхадны, расказвае дырэктар.
– За два дні і пяць гадзін усе гэтыя хлопцы разам запоўнілі яму амаль тысячай тон масы. Сваю першую прэмію ў гэтым сезоне яны ўжо зарабілі, – запэўнівае Міхаіл Уладзіміравіч.
А як жа інакш, калі працуюць механізатары амаль без адпачынку, выконваць свае абавязкі добрасумленна іх прывучаць не трэба – гэта ўжо стала добрай звычкай.
З першага ўкосу траў гаспадарцы трэба нарыхтаваць 3500 тон сенажу і амаль 500 тон сена. Паклапаціліся тут ужо і пра самых маленькіх гадаванцаў – для цялятак нарыхтавана 50 тон вітаміннага сена.
У гэтым годзе машынна-трактарны парк сельгаспрадпрыемства вельмі дарэчы папоўніўся тэхнікай – той самы кормаўборачны камбайн КВК-8000, зроблены ў Беларусі, лічыцца аналагам нямецкага “Ягуара” і выконвае сваю справу не горш за замежнага калегу. І новы энерганасычаны трактар 30.22 задзейнічаны на адвозцы зялёнай масы. У пары з набытым таксама ў гэтым годзе прычэпам грузападымальнасцю 17 тон замяняе чатыры адзінкі тэхнікі. Нават магутныя МАЗы не паспяваюць за сталёвым асілкам, якім кіруе Мікалай Дамасканаў.
Сезон пачаўся актыўна, і зніжаць тэмпы катэгарычна забаронена. Бо занадта дорага гэта каштуе.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика