НА ЗЕРНЕТАКУ І Ў ПОЛІ

IMG_3266
Яшчэ раса не апала з крохкіх каласоў тугога жыта, а камбайнёры гаспадаркі ўжо аглядаюць тэхніку, падцягваюць гайкі і збіраюцца ў поле. Для вопытнага хлебароба Аляксандра Кір’янава падмяць жаткай густую брунь і выруліць на чарговы зажыначны круг не складае цяжкасцяў – на ўборачным сезоне ён ужо восьмы раз. Яго КЗС-10 упэўнена ідзе ад мяжы да мяжы, пакідаючы за спіной сухое іржышча і салодкі пах абмалоту. Раўняецца на таварыша ўпершыню самастойна сеўшы за руль зернеўборачнага камбайна Міхаіл Гарбузаў, але боязь перад важнай сельскагаспадарчай кампаніяй яму не ўласцівая, бо калі ён не на пшанічным полі, то кіруе магутным трактарам “Амкадор”, што патрабуе не меншага спрыту, ведаў і адказнасці. Цэлы дзень камбайнёры ходзяць па крузе і к вечару падбіваюць «кіламетраж», а ён вызначаецца ў тонах сабранага ўраджаю. За змену хлопцы ўбіраюць па 20-22 гектары кожны, гэта пры ўліку, што не нашкодзіць надвор’е.
– Відаць, неба за нешта злуецца на нас, – усміхаецца і адначасова абураецца кіруючы аддзяленнем “Меркулавічы” Юрый Восараў. – Непагадзь і бураны тармозяць ход жніва, але не першы год на зямлі працуем, стараемся не зніжаць тэмпаў. У механізатараў настрой аптымістычны, бадзёры, усе разумеюць важнасць моманту і не падводзяць гаспадарку. Хлеб вырас не благі, збіраем па 47,7 цэнтнера з гектара. Упэўнены – справімся!
І сапраўды, аграрыі шчыруюць, нібы мурашы, нават падчас абеду не заглушаюць матораў: хутчэй ухапілі лыжку-другую гарачага супу і зноў у кабіну. Аператыўна адвозяць сабраныя зярняты і вадзіцелі, курсуюць туды-сюды Іван Гайкоў, Уладзімір Чабатароў і іншыя. А на зернетаку новых тон хлеба ўжо чакаюць з нецярпеннем – падлеткі Дзіма Фамін, Дзяніс Еўдакіменка, Дзіма Пятроў і Дзяніс Фамін шуфлююць горы бурштынавага золата і сочаць, каб збожжа падсыхала на скупым пякучым сонейку. Маральную падтрымку ўдзельнікам уборачнай пары забяспечваюць работнікі мясцовай культустановы. Загадчыца Батвінаўскім КСЦ Ірына Нікішова з калегамі прыносіць вяскоўцам свежую прэсу, а для рабят на гэты раз у яе былі прыхаваны цукеркі. Здаецца, дробязь, але прыемна.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика