Военное детство, работа с 10 лет, освоение целины в Казахстане: история жительницы Мотневич Натальи Яковиной
Наталья Яковина
Среди старожилов населенного пункта Мотневичи – 85-летняя Наталья Яковина – одна из тех, кому довелось восстанавливать послевоенную жизнь в деревне.
Текст автором подготовлен на белорусском языке.
Яна нарадзілася ў 1940-м і пра вайну помніць толькі бацькавы плечы ў гімнасцёрцы з пагонамі, якія абдымала тонкімі дзіцячымі рукамі, і матчын лямант, калі тата ішоў ваяваць. Так здарылася, што Арцём Самойлавіч трапіў у палон. А цудам вызваліўшыся, зноў адправіўся біць ворага, але да шчаслівага пераможнага дня не дажыў – загінуў за месяц да гэтага. Жонцы давялося адной паднімаць на ногі сем дачок.
“Нас усіх у маці было 10, але трое памерлі. Перажыўшы акупацыю, трэба было думаць, як пракарміцца. Вось і прыйшлося мне з дзесяці гадкоў ісці ў калгас, – дзеліцца ўспамінамі Наталля Арцёмаўна. – Але здолела скончыць 7 класаў і чатыры гады хадзіла ў вячэрнюю школу. А пасля заняткаў – на ферму, у поле, на малатарню ці лён браць. Калі споўнілася 16, стала прасіцца ў старшыні паехаць на работу ў горад. Ён не хацеў адпускаць, бо я была вельмі старанная. Аднак мая настойлівасць перамагла. У Гомелі працавала ў будаўніцтве на пашырэнні вытворчых памяшканняў шарыкападшыпнікавага завода. Адтуль па камсамольскай пуцёўцы мяне накіравалі на асваенне цалінных зямель. Прараб таксама не хацеў адпу скаць, але ў райкаме на яго “націснулі”. Так я трапіла ў Кастанайскую вобласць Казахскай ССР, прарабіла там 8 гадоў: працавала на сеялцы, потым памочнікам камбайнера і затым даяркай. Дарэчы, я і замуж выйшла за таго камбайнера з Браншчыны. З Валодзем нарадзілі двух сыноў і ў 1966-м прыехалі на маю малую радзіму. Жылі разам з маці. На працу я ўладкавалася на цагельню, што была ў Заложжы. Мяне прызначылі брыгадзірам, агітавалі падвучыцца і прыняць кіраўніцтва заводам. Я ж не пагадзілася – куды там, на той час на маіх руках было ўжо трое дзетак”.
Калі ў вёсцы адкрыўся новы дзіцячы садок, Наталля Арцёмаўна перайшла туды працаваць, адвучыўшыся ў Гомелі на інстытуцкіх курсах для выхавацеляў дашкольных устаноў. У садку ёй таксама прапанавалі кіраўніцтва, і зноў яна адмовілася. А вось за дыпломам бухгалтара адправілася ў Гомельскі сяльгастэхнікум з ахвотай. І пэўны час займала гэту пасаду ў калгасе, паралельна адказваючы за механізацыю, кантралявала работу паляводаў і брыгады слесараў.
Быў у яе і грамадскі абавязак: член праўлення, дэпутат мясцовага Савета дэпутатаў, народны засядацель. І ўсюды жанчына спраўлялася на выдатна.
Афіцыйна выйшла на пенсію ў 70-гадовым узросце. Ужо паўстагоддзе, як Наталля Арцёмаўна пахавала мужа. На радасць бабулі – 4 унукі і 5 праўнукаў. У сваёй хаце жыве адна, але родныя не забываюць, прыязджаюць праведаць і абняць.
“У жыцці дасталося мне і радасці, і слёз. Колькі я іх выплакала, калі аўдавела! Я ж была зусім маладая. А затым – пакуль сын Васіль служыў у Афганістане. Аднак аптымізму не губляла. Шмат гадоў хадзіла ў калектыў мастацкай самадзейнасці “Радуніца”. Так жыццё і прабегла…”.
І хоць за плячыма Наталлі Якавінай восем з паловай дзясяткаў, можна шчыра пазайздросціць яе энергіі, рухавасці і пачуццю гумара.
Валентина ПРАНКЕВИЧ
Фото автора
