Мария Хроленко и Анна Хомченко: жизненный путь сестер из Сидорович
Среди старожилов Сидорович – сестры Мария Хроленко и Анна Хомченко. Обеим женщинам за 80, и так сложилось, что свою старость они коротают в одном доме, вместе.
Текст автором подготовлен на белорусском языке.
Іх малая радзіма – вёска Будзішча. Там Ганна Іванаўна скончыла сямігодку, а Марыя Іванаўна мае адукацыю толькі 4 класы. Затое ў абедзьвух аднолькавы вялікі працоўны стаж – па 40 гадоў стараннага плёну. Большую частку давялося працаваць у галіне сельскай гаспадаркі. Жанчыны хадзілі ў паляводчую брыгаду калгаса “Сталінбуд”, а пасля рэарганізацыі сталі членамі саўгаса “Нісімкавічы”: сеялі, веялі, малацілі і палолі. Таксама Ганна Іванаўна даглядала жывёлу, была загадчыцай і бібліятэкарам Будзішчанскага сельскага Дома культуры, 12 гадоў – надомнай вышывальшчыцай чачэрскай фабрыкі мастацкіх вырабаў. Як адну з перадавых работніц Ганну Хомчанка абралі дэпутатам мясцовага Савета дэпутатаў. Яе ж сястра вырошчвала хлеб і свіное пагалоўе, карміла саўгасных цялушак і выконвала шэраг іншых працоўных абавязкаў. У той час усё рабілася ўручную: з рыдлёўкай, віламі, матыкай, пілой і сякерай вяскоўцы здабывалі сабе на хлеб і шчыравалі на агульную карысць.
А дома жанчын чакала ўласная гаспадарка: куры, гусі, індыкі, карова, свінні і іншая хатняя жыўнасць. Да таго ж у Марыі Іванаўны на руках было чацвёра дзяцей, ад якіх яна дачакалася 8 унукаў і 3 праўнукаў. Яе сястрыца, нажаль, не сустрэла свайго жаночага шчасця. Аднак з ёй побач дарагія і блізкія людзі. Напрыклад, пляменніца Таццяна, якая жыве ў Сідаравічах і куды потым з Будзішча пераехалі сёстры, штодзень тэлефануе, спраўляецца пра здароўе цёткі і матулі. Дастаўляе састарэлым прадукты харчавання і лекі, убірае ў хаце, завіхаецца на агародзе і, наогул, клапоціцца пра сваіх родных. Бо ў абодвух жанчын не хапае сіл управіцца па гаспадарцы – гэтыя сілы яны аддалі зямлі і той справе, якую рабілі сумленна, шчыра і рупліва.
Валентина БОГДАНОВИЧ
Фото автора
