Старажытны Чачэрск: горад міру, добрых людзей і вялікіх здзяйсненняў

Чачэршына – край чыстых азёр і шырокіх палеткаў, густых шумлівых лясоў і блакітнага неба. А Чачэрск – душа і сэрца гэтага краю. У верасні горад адзначае свае імяніны, яму споўнілася 864 гады. За гэты час тут шмат чаго адбылося, змянілася і пераўтварылася.

Населены пункт на шляху са Смаленска ў Кіеў бачыў і перажыў многае. Знаходзіўся ў складзе Чарнігаўскага княства, да 1772-га мястэчка было цэнтрам Чачэрскага стараства Рэчыцкага павету Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага правінцыі Рэчы Паспалітай. А пасля яе падзелу – у складзе Расійскай імперыі. Уваходзіў наш райцэнтр і ў лік гарадоў Савецкага Саюзу.

Мы багатыя на гісторыю, на вялікія падзеі і знакамітых людзей, на архітэктурныя і духоўна-культурныя каштоўнасці. Наш гонар – гарадская ратуша і СпасаПрэабражэнская царква, Замкавая гара і парк, наша шчодрая зямля і міралюбівыя працавітыя людзі. З кожным годам Чачэрск харашэе і ўмацоўвае статус ціхага ўтульнага агульнага дома. Тут растуць нашы дзеці, нараджаюцца таленты ў галіне культуры, спорту, аховы здароўя і медыцыны. Адсюль выйшлі ў свет знакамітыя вучоныя і творчыя асобы: Веніамін Вейц, Уладзімір Гусакоў, Мікалай Саўчанка, Леанід Сасноўскі, Уладзімір Курганскі, Любоў Хатылёва, Людміла Корхава, Міхась Болсун. У свой час самаадданай працай праславілі чачэрскую зямлю Мікалай Быкаў, Пётр Хлебаказаў, Паліна Казлова, Аляксей Курганскі, Яўгенія Шыпенка, Іван Яршоў і іншыя. Сярод сучаснікаў нам добра вядомыя прозвішчы Зінаіды Сціпаковай, Ганны і Івана Арловых, Васіля і Віктара Плескачэўскіх, Любові Галубіцкай, Юрыя Болдырава, кіраўнікоў сяльгаспрадпрыемстваў Таццяны Струк і Галіны Трыбунах, Ніны Цітовай, Анатолія Буслава і сотні іншых.

З году ў год Чачэрск пашырае свае межы, расце і будуецца. Дзякуй за гэта гаворым сёння Леаніду Гарбачову, Івану Казлову, Аляксандру Целешу, брыгадам маляроў і тынкоўшчыкаў, кранаўшчыкам і каменшчыкам, майстрам і брыгадзірам. За чысцінёй на нашых вуліцах сочаць камунальнікі, дапамагаюць вярнуць здароўе ўрачы і персанал бальніцы, навучаюць дзяцей светламу і разумнаму прафесіянальныя настаўнікі, надаюць настрою і эйфарыі культработнікі. Святло ў хату – ад энергетыкаў, цяпло – ад работнікаў райгаза, спакой забяспечваюць супрацоўнікі ўнутраных спраў, а выратоўвае жыцці на пажарах служба МНС. За прылаўкам магазіна, каля такарнага станка, за рулём машыны і ў дзіцячым садку працуюць верныя абранай справе людзі.

Усе разам мы – чачаране, якія кожны на сваім месцы ствараем роднаму гораду камфорт, працвітанне і славу. Жыві, любы Чачэрск, і няхай над табой свеціць яркае сонейка, у мірным небе спяваюць жаўрукі і заўсёды радасна смяюцца дзеці!

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика