НЯСТОМНЫЯ РУКІ ДОЯРА

IMG_7585Па КСУП “Вазнясенск” налічваецца 645 галоў дойнага статка (на МТФ “Вазнясенск” – 362), вал малака за студзень складае 295 т пры плане 281 т. Надой на адну карову атрыманы 461 кг, або плюс 22 кг за задання і плюс 81,5 кг да аналагічнага перыяду 2013 года. На цэнтральнай ферме выйшлі на паказчык 105% да задання і 134,7 % да мінулагодняй лічбы, таварнасць малочнай прадукцыі – 90%. Неблага спраўляюцца тут і з продажам малака гатункам экстра – усяго за студзень рэалізавана 63,5% гэтым класам, па МТФ “Вазнясенск” – 74%. Сярэднесутачны надой па ферме па апошнім дадзеным складае 18,7 літра, па гаспадарцы – 16,1.
Кажуць, не праца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек працу. А каб у цябе ўсё атрымоўвалася на “выдатна”, трэба яшчэ любіць тое, што ты робіш. Аператар машыннага даення з КСУП “Вазнясенск” Васіль Іванчык ні на што на прамяняе сваіх рабых “дзяўчат” – ён вось ужо 24 гады завіхаецца каля статка кароў і сцвярджае, што змяняць прафесіі не збіраецца. З шасці гадоў прывязаўся да гэтай справы, калі з роднай цёткай хадзіў на вясковую ферму. Адгаварыць тады яшчэ маладога хлопца ад такога не зусім мужчынскага клопату спрабаваў бацька дояра, але той і слухаць не хацеў. На Чачэршчыну Васіль Іванавіч прыехаў у кастрычніку мінулага года з в.Глыбоцкае Гомельскага раёна і адразу выдзеліўся сярод астатніх жывёлаводаў гаспадаркі. Калі яму далі групу першацёлак, крыху нерваваўся – паспрабуй прывучы маладую цялушку да даільнага апарату. Але пакрысе, крок за крокам, дзе пяшчотным словам, дзе напорыстасцю, дзе лёгкім крыкам змог “пераламіць” жывёлу. Дый буронкі паступова да яго прывыклі, пазнаюць здалёк па паходцы і па голасу. І, адпаведна, дзячаць стараннаму аператару дадатковымі літрамі сырадою. За студзень гэтага года ад сваёй групы Васіль Іванавіч надаіў 26,4 тоны малака пры плане 20,9 тоны. У сярэднім на карову атрымалася 573 кг пры прагнозе 475, а на сёння лічба сутачнага надою на адну ўмоўную адзінку складае 19,5 літра. Мужчына даглядае 50 галоў БРЖ, але не стамляецца. На дойку выходзіць з песняй, дае сваім выхаванцам, так сказаць, сольны канцэрт. А што – і працуецца лягчэй, і час хутчэй бяжыць, і прырост малака адчувальны. Кажуць жа, што музыка спрыяе высокім паказчыкам. А ў кашалёк  жывёлавода за яго добрую працу па выніках мінулага месяца нацякло, нібы бруя белага золата, 6,8 мільёна рублёў заработнай платы. Чаму ж тут і не заспяваць. Дарэчы, на мінулым конкурсе мастацкай самадзейнасці сярод жывёлаводаў раёна В.Іванчык з песняй “Як за Донам, за ракой” заняў першае месца  ў вакальным жанры. “Мая маці любіла спяваць, і я таксама”, – усміхаецца самадзейны артыст. Прыемна, калі на вёсцы ёсць такія пазітыўныя людзі. Значыць, жыве надзея на паспяховую дзейнасць калектыву і ўсёй гаспадаркі.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика