Ганна Гапеенка: нарадзілася ў суровым 43-м і прайшла па жыцці цяжкі шлях

Жыхарка з Бабіч, вышывальшчыца, працаўніца і ўдзельніца народнага калектыву «Лёс» Ганна Гапеенка адзначыла 80-годдзе з дня нараджэння. Яна з’явілася на свет ў крывавым 1943 годзе. Але лёсу было патрэбна, каб яна выжыла і прайшла свой жыццёвы шлях.

Яе жаночы лёс – гэта кніга мудрасці, таленту, пазнанняў, багатага жыццёвага вопыту і мацярынскай радасці. Усяго было даволі на доўгім шляху Ганны Васільеўны. Асабліва працы. Ужо з маленства дапамагала бацькам даглядаць хатнюю жывёлу, у 14-гадовым узросце пасвіла калгасных авечак, цялят. А потым пайшла зарабляць грошы на мясцовую ферму. Без выхадных і святаў – каля грамадскага статка, даіла кароў і вырошчвала бычкоў. У цэлым жа напрацавала 42 гады стажу. Дома таксама трымала вялікую гаспадарку, меўся агарод, яблыневы сад і абавязкова – кветкі. Шмат іх і зараз, у хаце таксама квітнеюць герань, пеларгонія, фіялкі, дзекабрыст, клёнікі. З палявых больш за ўсё даспадобы васількі і рамонкі, таму і на вышываных падузорніках, рушніках і сурвэтках, што вырабляе майстрыца, яны сустракаюцца часцей за ўсё. Дарэчы, рознаму вясковаму рамяству жанчына навучылася ў дзяцінстве: прала, ткала, вязала і вышывала. Яе работы выстаўляліся на шматлікіх раённых і абласных фестывалях, творчых конкурсах і канцэртах. Сама ж Ганна Васільеўна доўгі час спявае ў народным калектыве народнай песні, музыкі і танца «Лёс». Ад вытокаў стварэння гурта яна сябруе з народнай і абрадавай песняй, выводзіць матывы сюжэтаў сямейнабытавога накірунку. Нават сама спрабуе іх пісаць, напрыклад, «Шырокія нашы прасторы». Яе зычны і мілагучны голас, што займела ад маці, знаёма гучаў на ферме, у полі, на сенажаці. Ціхенька падпявае сама сабе і зараз, калі ўпраўляецца па гаспадарцы, на градках. Нягледзячы на ўзрост, жанчына любіць разгарнуць кнігу ці часопіс, цікавіцца навінамі і, наогул, яна вясёлая і аптымістычная асоба. Нават хваробы не парушаюць яе пазітыву і вялікай прагі да жыцця.

Ганне Гапеенка – 80. Залатая пара для чалавека, які мае залатое сэрдца і залатыя рукі. Гэты скарб дадзены ёй прыродай і Богам. А яшчэ юбілярша багатая на мацярынскае шчасце – у яе 3 дзяцей, 5 унукаў і 3 праўнукі. Яны бязмежна любяць сваю маці і бабулю. Асаблівая для ўсіх радасць – агульнае застолле, калі можна сабрацца разам, паслухаць знаёмыя мелодыі песень, пагаварыць пра жыццё і пагартаць стары сямейны альбом. У такія хвіліны па хаце і ў сэрцы разліваецца пяшчота, любоў, прыемнае цяпло і задавальненне. А калі ўсе разыйдуцца і на падлогу хаты ляжа цішыня, Ганна Васільеўна перахрысціцца перад абразамі і ў каторы раз памоліцца за светлы дзень, мір і спакой на зямлі, за хлеб ды соль і за здароўе сваіх дзетак.

В.БАГДАНОВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика