УБОЙНЫ СЕРПАНТЫН

IMG_1734
Калі хто і застаўся ў глядзельнай зале кінаканцэртнага цэнтра “Акцябр” у мінулую суботу абыякавым, дык толькі глухі, або чалавек без элементарнага пачуцця гумару. На мінулай сустрэчы ігракоў КВЗнаўскіх гульняў бадай што ніхто не мог назіраць за інтэлектуальным спаборніцтвам каманд-саперніц спакойна і непарушна. Змаганні камунальных работнікаў Веткаўскага і Чачэрскага раёнаў напаліліся да такой ступені, што хоць бяры і запалку падпальвай. Аднак пажару не здарылася, чаго не скажаш пра электрычнасць – у фінале творчай барацьбы энергія току значна ўступіла энергіі напалу ігракоў і балельшчыкаў, і ў выніку лямпачкі ва ўсім памяшканні на нейкі час патухлі. Але і ў такіх экстрымальных умовах гульня прадоўжылася, чачэрскія гумарысты завяршылі трэці заключны этап пад акапэльныя спевы.
Веткаўская “Служба опасения” паказала добрае выступленне і ўпэўнена ішла да перамогі, аднак у конкурсе “Размінка” камунальшчыкам крыху не хапіла азарту, віртуознасці і кемлівасці. А вось чачаране, як кажуць, не лезлі за словам у кішэню, гэта і прынесла ім самы высокі бал, які журы вынесла адзінадушна. Трэба прызнацца – спаборнічаць з напорыстымі і разумнымі гасцямі было няпроста: упэўненасць на сцэне, зладжанасць выступлення, адшліфаваны тэкст, неардынарнасць сюжэтнага стрыжня і трапныя жарты ставілі пад пагрозу перамогу “Чечерского сервиса”. І ўсё ж трыумф дастаўся нашай камандзе, бо яны не толькі паказалі выдатны артыстызм і сцэнічнае майстэрства, але і змаглі ўдала пасмяяцца над сабой, над сваімі працоўнымі недахопамі і жыццёвымі праблемамі.
Серпантын настрою, смеху, унутранага напалу і прыемнага хвалявання пераліваўся праз край. Аўдыторыя гула і шумела, топала нагамі і дзьмула ў свістулькі, імкнучыся падтрымаць кожны сваю каманду. А напрыканцы мерапрыемства апафіозам свята гумару стаў міні-феерверк на авансцэне. Аднак гэта не ўсё. Яшчэ адна сустрэча і самая жорсткая дуэль убойнай пацехі і чалавечага інтэлекту чакае аматараў гэтага захапляючага віду культурнага адпачынку ў лютым. Назапасім жа пабольш трапных жартаў і кур’ёзных пытанняў. Нам выпадае шанец яшчэ раз пакуралесіць!

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика