НІБЫ КАМЕНЬ СЭРЦА МАЦІ

З якіх думак пачынаецца кожная раніца ў адной з жыхарак вёскі Бяляеўка, даводзіцца толькі здагадвацца. Маладая яшчэ жанчына, поўная жыццёвых сіл, трапіла ў палон залежнасці ад алкаголю, забылася аб сваім галоўным чалавечым прызначэнні. На выяздным пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, якое адбылося ў вышэйназваным населенным пункце, пяцёра яе дзетак былі прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Цяпер трое з іх пражываюць у Отарскім сацыяльным прытулку, двое – ў прыёмных сем’ях. Жанчыну праінфармавалі аб тым, што ў яе ёсць шанц забраць дзяцей дадому. Але калі прыкмет яе выпраўлення не будзе, праз 6 месяцаў з дня правядзення камісіі пройдзе яшчэ адно пасяджэнне. І членам КСН не застанецца нічога іншага, як хадайнічаць перад судом аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў.
Здавалася б, ужо сёння для жанчыны склалася надзвычай жудасная жыццёвая сітуацыя. У якой маці вытрымае сэрца, калі яна знаходзіцца ў разлуцы з сынамі і дочкамі і рызыкуе зрабіць бездань паміж імі і сабой яшчэ больш велізарнай? І ці не завяршаецца час на выпраўленне? Трэба як мага хутчэй прывесці ў належны стан домаўладанне, старанна працаваць, стварыць добрыя ўмовы для выхавання і развіцця дзяцей. Нельга сказаць, што маці зусім не імкнецца прадпрымаць такіх спроб. Дзяцей у прытулку наведвала, нават удзельнічала ў пасяджэнні клуба “Цяпло сям’і”, што створаны на базе гэтай установы. Але візіты гэтыя частымі не назваць. У асноўным, узаемаадносіны маці з яе крывіначкамі абмяжоўваюцца размовамі па мабільным тэлефоне. Прадстаўнікі раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра, наведаўшы яе дома, з горыччу кажуць, што нічога ў лепшы бок там так і не змянілася. Жанчына, як і раней, злоўжывае спіртнымі напоямі, на працы ў КСУП “Звязда” стараннасцю не вызначаецца. А яшчэ нядаўна была затрымана супрацоўнікамі РАУС за парушэнне антыалкагольнага заканадаўства: распівала спіртное ў грамадскім месцы.
Аб тым, ці зменіцца што-небудзь у яе жыцці, сёння гаварыць складана. А пакуль яна ніяк не можа вызначыцца з галоўным жыццёвым выбарам, дзеці з нецярпеннем чакаюць маму. Яны здольны дараваць ёй усе свае слёзы і пакуты, толькі б яна стала добрай, уважлівай, клапатлівай і пяшчотнай, бо матуля – самы лепшы чалавек на свеце, нягледзячы ні на што. Дык чаму ж святло гэтай шчырай любові так доўга не кранае яе сэрца?

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика