ЯЕ ЯСКРАВАЕ ЦІКАВАЕ ЖЫЦЦЁ

IMG_0123На наступным тыдні сваё прафесійнае свята будуць адзначаць супрацоўнікі культурнай сферы, людзі, праца якіх трымаецца на энтузіязме і запале.
Сярод улюбёных у сваю прафесію і загадчыца Бабічскага сельскага клуба Людміла Міхалкоўская. На працу як на свята заўсёды збіраецца яна. Муж з дзецьмі ўжо звыкліся, што маці кожны дзень у працэсе культурнага жыцця раёна. Часцяком падтрымліваюць яе і дапамагаюць. У апошні час з самой раніцы Людміла Мікалаеўна спяшаецца на працу і затрымліваецца ў клубе аж да позняй ночы. Таму што зусім нядаўна працаўнікі гэтай установы зладзілі наваселле, пераехалі ў будынак былога  дзіцячага садка. Менавіта таму сёння тут кіпіць актыўная праца па навядзенню парадку.
– Шмат чаго трэба паспець зрабіць: дзе падфарбаваць, дзе пераклеіць, дзе адрамантаваць, – расказвае Людміла Мікалаеўна. – Хочацца зрабіць памяшканне ўтульным і светлым, каб наведвальнікам спадабалася.
Несці людзям дабро і цеплыню песні, працягваць творчасць сваіх продкаў і вучыць народнаму хараству сваіх дзяцей і ўнукаў – вось да чаго імкнецца  жанчына. Хварэючы душой і сэрцам  за сваю справу,  Л.Міхалкоўская з агеньчыкам у вачах і вялікім уражаннем расказвае пра штодзённую працу, успамінае  аб удзеле ў  розных культурных мерапрыемствах, дзеліцца планамі на будучае. Вядома, што на базе сельскага клуба на працягу доўгіх гадоў дзейнічае народны фальклорны калектыў народнай музыкі, песні і танца “Лёс”. Сёння яго кіраўніком  з’яўляецца Людміла Мікалаеўна. Дзякуючы ёй у клубе аднавіў  дзейнасць і дзіцячы калектыў, удзельнікі якога наведваюць  кружок “Побытавыя танцы”. Чатырнаццаць дзяўчынак і хлопчыкаў з вялікім задавальненнем спяшаюцца к кіраўніку Васілю Карпоўскаму на рэпетыцыі. Яны ж, да слова, з удзелам дарослых могуць затрымлівацца аж за поўнач. У мясцовым клубе таксама дзейнічае аматарскае аб’яднанне “Фантазёры”, кіраўніком  якога з’яўляецца Людміла Міхалкоўская. Яе няўрымслівыя выхаванцы самыя актыўныя і ініцыятыўныя. З задавальненнем удзельнічаюць у розных мерапрыемствах. Добрасумленны і адказны падыход  да справы з боку жанчыны адзначае і яе кіраўніцтва. Нягледзячы на сваю занятасць, Людміла Мікалаеўна сумяшчае і іншыя пасады. Яна з’яўляецца старэйшынай вёскі Бабічы, дэпутатам мясцовага і раённага Саветаў дэпутатаў, памочнікам старшыні сельскага Савета.  Да таго ж актыўная артыстка і спявачка.
Упэўнена, дасягнуць чаго-небудзь без дапамогі калег цяжка. Таму вельмі ўдзячна за працу сваім аднадумцам Ганне Кандраценка і Таццяне Карпоўскай, – гаворыць Людміла Мікалаеўна. – Нягледзячы на асабісты час, яны заўсёды побач. Без іх падтрымкі і ўдзелу ва ўсіх мерапрыемствах  без выключэння нам не было б чым ганарыцца.
Як часцей бывае, сваё прафесійнае свята супрацоўнік культуры Людміла Міхалкоўская будзе адзначаць побач з калегамі. Напярэдадні ўдзельнікі калектыву “Лёс” выступяць на раённым мерапрыемстве. Яскравай і запамінальнай павінна адбыцца сустрэча ўсіх работнікаў клуба. Звычайна яна адбываецца з танцамі, песнямі і прыемнымі ўспамінамі пра любімую работу.  Вясёлага свята вам, культработнікі!

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика