Моцная каманда старанных жывёлаводаў

На малочнатаварнай ферме «Сапрыкі» сяльгаспрадпрыемства «Отар» калектыў не толькі дружны і згуртаваны, але яшчэ і малады. Каля рагатага пагалоўя завіхаюцца старанныя жывёлаводы, якіх не пужаюць ні фізічныя нагрузкі, ні студзеньскі мароз.

Шосты год сытна корміць жывёлу і сочыць за яе належным станам жывёлавод Дзяніс Смолкін. Спачатку даглядаў бычкоў на адкорме, а зараз пад яго пільным вокам сухастойны статак. Той час, калі карова знаходзіцца «ў дэкрэце», самы важны. Для атрымання здаровага цяляці цельным рагулям трэба забяспечыць якасны і аптымальны рацыён харчавання, каб скацінка атрымала максімальны запас пажыўных рэчаў для правільнага развіцця плода. Хлопец імкнецца, каб усё неабходнае было на кармавым стале жывёлы: досыць смачнай ежы, вады і камбінаваных дабавак. А калі спатрэбіцца, дапаможа прыняць роды. Зараз пад апекай Дзяніса 480 галоў БРЖ. Пагалоўе заўсёды своечасова накормлена і кожнай кароўцы хапае цяпла, святла і чалавечай увагі.

Разам з калегам клапоціцца аб тым, каб жывёла добра выглядала і набірала вагу даглядчык Дзмітрый Іваноў. Малыя цяляты ва ўзросце ад 3 да 6 месяцаў пазнаюць свайго карміцеля яшчэ здалёк і маментальна «ажываюць», радасна рыкаюць, чакаючы свежага каларыйнага сняданку. Сакавіты сілас, духмянае сена, мука і камбікорм – усе з’ядаецца з вялікай ахвотай, да самай апошняй жменькі. Здароваму арганізму бычкоў і цялушак такі зайздросны апетыт дапамагае падняцца на ногі, хутка расці і тлусцець.

Калі будуць прывагі, будуць і станоўчыя вынікі працоўных здабыткаў у цэлым па гаспадарцы. А паказчык па сярэднесутачнаму прыросту ў вазе на адну ўмоўную адзінку статка Дзмітрыя за мінулы месяц складае каля кілаграма.

У тройцы маладых жывёлаводаў на ферме – Сяргей Гуменнікаў, якога лёс прывёў у раён з Гомеля. Гарадскі жыхар знайшоў на чачэрскай зямлі і работу, і прытулак, і прызванне. Яго штодзённыя вясковыя турботы – утрыманне шустрых рагатых падапечных на дарошчванні і пад асемяненне. Жывёла ад 6 месяцаў да года актыўна набірае сілы, умацоўвае імунітэт, каб потым даць грамадскаму пагалоўю прыплод прадуктыўнага маладняку.

На рабоце Сяргей з самага ранку, завіхаецца каля кармушак, забяспечвае поўным рацыёнам харчавання статак і сочыць за добрым самаадчуваннем сваёй групы. А каб скацінка не хварэла, падтрымлівае неабходны мікраклімат і чысціню ў вытворчым памяшканні. Бездакорнае выкананне правілаў санітарнага парадку дазваляе пазбегнуць непрадукцыйнага выбыцця БРЖ, што спрыяе павелічэнню дойнага і мяснога пагалоўя.

Адміністрацыя гаспадаркі ганарыцца сваімі працаўнікамі, іх стараннем, ставіць у прыклад іншым. Яны ж лічаць, што абралі працу па душы, хоць на ферме ніяк без вялікіх фізічных нагрузак і перажыванняў за сваіх рагатых падапечных. І, хоць кожны дзень нібы выпрабаванне на моцнасць, гэты экзамен яны заўсёды вытрымоўваюць на выдатна.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика