Духоўны свет на габелене
У пенсіянеркі з Батвінава Надзеі Ермаковай гэтымі зімовымі вечарамі ёсць чым заняць і вольны час, і рукі. Жанчына захапляецца вышыўкай, а найбольш аддае перавагу стварэнню карцін на праваслаўную тэматыку.
Яшчэ ў маладосці Надзея Іванаўна пераняла практыку дэкаратыўна-прыкладной творчасці ад сваёй матулі. З той пары кожную свабодную хвіліну бралася за іголку і пачынала накладваць на белы габелен дробныя крыжыкі, якія потым складваліся ў прыгожы стракаты малюнак. Сурвэткі, абрусы і набожнікі, навалачкі на падушку і падузорнікі – чаго толькі няма ў яе калекцыі рукатворнага мастацтва. Шмат работ яна падаравала сябрам, знаёмым, аднавяскоўцам і дзецям. Атрымаць такі каштоўны сувенір прыемна, бо ў кожны выраб укладзены фантазія, талент, пяшчота і душэўнае цяпло. Калі працавала бухгалтарам у мясцовай гаспадарцы, садзілася за пяльцы не так часта. А цяпер, калі выйшла на заслужаны адпачынак, любімая справа стала яе аддушынай. Пры дапамозе спрытных жаночых пальцаў на свет нараджаюцца не толькі маляўнічыя ўзоры, але і вобразы святых. Так, радуюць вока і аберагаюць хату ад нягод іконы «Неупиваемая чаша» і «Умиление Пресвятой Богородицы». А з Богам і верай жыць лягчэй, як лічыць Надзея Іванаўна. Так яе прыгожае рукатворнае захапленне падтрымлівае настрой, станоўчую атмасферу ў хаце і нясе ў сабе засцерагальную функцыю на долю, дабрабыт і сямейнае шчасце.