ХТО НА ВЁСЦЫ ГАСПАДАР?

DSC00043Тройчы радаваліся сонечнаму нядзельнаму дню жыхары аграгарадка Меркулавічы, бо для іх гэта  цёплая чэрвеньская раніца прынесла адразу тры святы – па дзяржаўнаму календару беларусы адзначалі Дзень моладзі, культработнікі падрыхтавалі гулянне да Дня вёскі, а самым відовішчным было правядзенне першага этапу маладзёжнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла – 6”, арганізаванага раённым камітэтам ГА “БРСМ” і аддзелам культуры райвыканкама.
За званне самай працавітай і здольнай прыехалі паспаборнічаць пяць сямей раёна: Аляксандр і Таццяна Чарняевы з сынам Максімам з ААТ “Чачэрск-агратэхсервіс”, Аляксандр і Кацярына Тарасенкі з дочкамі Аксанай і Лізаветай (КСУП “Вазнясенск”), каманда Звярковых-Лісімавых таксама з дачушкамі Нінай і Настассяй (ААТ “Отар”), муж і жонка Філько-Патапенка і іх абаяльная гарэза Дар’я (ААТ “МатнявічыАгра”), а таксама сям’я Аляксея і Святланы Астапенкаў з сынам Арцёмам (ДПТВ-186). Канкурсанты падрыхтавалі выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці і вырабы іншых уласных захапленняў, выпрабоўвалі свае  сілы  і спрыт у прадстаўленні візітнай карткі, уменні працаваць з рыдлёўкай і навыках па вязанню венікаў. Для жыхароў сельскай мясцовасці прайсці такія іспыты – нібы семачкі лузгаць. Аднак у кагосьці гэта атрымоўвалася лепш, а нехта праяўляў найменшы талент. Самым складаным для каманд было прадставіць сябе на агульны творчы суд, бо калі на градцы яны паказвалі сапраўдныя майстар-класы, то выступіць на шырокую публіку і стаць цэнтрам увагі гледача – справа куды складаней, і  многія выходзілі на авансцэну з нерашучасцю. Самай бойкай і артыстычнай аказалася отарская каманда – Дзяніс і Люба са сваімі дзецьмі сталі пераможцамі першага этапу. Лаўрэаты і ўсе ўдзельнікі атрымалі каштоўныя падарункі і словы віншавання ад намесніка старшыні райвыканкама Пятра Несцяровіча і начальніка аддзела культуры Юліі Басаргіной.
Не засталіся без падарункаў і добрых слоў доўгажыхар вёскі, ветэран вайны І.І.Новікаў, дасталася пэўная доля ўвагі самаму маленькаму – немаўлятку Антону Падвербнаму, за лепшы вясковы падворак узнагародзілі У.М.Падвербнага і Л.У.Дубянок. Жарты, смех і азарт прысутнічалі на гэтым свяце, а ўскалыхнулі паветра і аздобілі прыемную сустрэчу землякоў вясёлымі найгрышамі, спевамі і скокамі госці з Будакашалёўшчыны– мастацкі калектыў дзіцячага Дома творчасці.
Прызы і падарункі для ўдзельнікаў і вінаватых святочнага дня прадаставіў дырэктар КСУП “Батвінава” Уладзімір Кебікаў.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика