НЕБА ПРАРВАЛА ДАЖДЖОМ…

Яшчэ а сёмай гадзіне раніцы мінулага панядзелка ў дыспетчарскую камунальнай службы і РАНС сталі паступаць тэлефонныя званкі ад насельніцтва аб затапленні домаўладанняў. Моцны лівень, які пачаўся яшчэ ў нядзелю, шумеў усю ноч, не сціхаючы ні на хвіліну. І на світанку наступнага дня сталі відавочны адбіткі яго пахаджэнняў. Па вуліцах горада бурным патокам імчалася брудная рэчка з жоўтым пяском, маторы аўтамашын глохлі, захліснутыя стокавымі водамі, якія месцамі даходзілі амаль да бампераў. Напужаныя стыхіяй людзі дазваніліся і да рэдакцыі – паратуйце! Аднак непасрэдную дапамогу ў гэты час аказвалі спецыяльныя службы. Усе сілы былі кінуты на ліквідацыю наступстваў чарговай стыхіі. Больш за ўсё пацярпелі тыя домаўладанні, дзе адсутнічае сістэма адводу вады. Па завулку Першамайскі такая сістэма ёсць, але яна вось ужо колькі гадоў патрабуе рамонту, аб чым не адзін раз жыхары інфармавалі камунальнікаў, прасілі дапамогі ў вышэйшых органах. Алена Іосіфаўна Цярэшчанка з дома №11 (на здымку) у роспачы разводзіць рукамі – у хаце па калена вады, хоць на лодцы плавай. Мне таксама давялося закатаць штаны, каб неяк трапіць у памяшканне і сваімі вачыма падзівіцца на “ноеў патоп”. Такой вялікай трагедыі для гаспадыні магло б не здарыцца, калі б на гэтым участку камунальнай службай была своечасова адрамантавана “ліўнёўка”. Літаральна за некалькі дзён перад тым дырэктар КЖУП “Чачэрскае” С.І.Мішакоў абяцаў адрамантаваць стокавую канаву, зрабіць рамонтныя работы планавалася на мінулым тыдні. Каб абяцанне здзейснілася ў згаданы тэрмін, матэрыяльны і маральны ўрон грамадзянам, якія пражываюць па завулку, магчыма быў бы значна меншы.
Сваё абурэнне адносна шкоды, якую прыносіць іх пабудовам і хатняй маёмасці дажджавая вада, выказалі журналісту і жыхары вуліцы 60 год Акцябра. Штогод іх хаты залівае ў непагадзь, штогод яны “акапваюцца”, як партызаны, абараняючы жытло. І штогод праблема рамонту вуліцы не знаходзіць вырашэння, а тым часам склепы і пабудовы грамадзян застаюцца бездапаможнымі перад разгулам прыроды. Як сказаў намеснік старшыні райвыканкама М.М.Цеплякоў, на дадзеныя мэты адсутнічаюць фінансавыя сродкі. І калі з”явяцца — пакуль невядома. Невядома і тое, колькі яшчэ будуць “плаваць” гэтыя падвор”і і цярпець здзекі прыроды.
У доме №54 па в.Луначарскага вось ужо 54 гады жыве пенсіянерка А.М.Паплаўская. За ўвесь гэты час, як яна прызнаецца, такога павадку не бачыла. У цэлым, у горадзе пацярпелі ў той дзень прыватныя домаўладанні, паўставала пагроза затаплення падвалаў шматкватэрных дамоў, электраабсталявання высокага напружання, дзе-нідзе вада размыла праезджую частку, замыла падрыхтаваныя траншэі пад цеплатрасу і інш. Аднак вялікай бяды не адбылося, выратавальныя службы без перапынку змагаліся са стыхіяй.
P.S. Пакуль я “лётала” па адрасах надзвычайных сітуацый і шчоўкала аб”ектывам фотакамеры, не ведала, які “падарунак” чакае мяне на рабоце. Адчыніўшы дзверы кабінета, ледзь не абамлела – падлога і рабочы стол былі заліты вадой, якая прасачылася праз дзіравы дах. Саджуся за камп”ютар і пішу просьбу дырэктару камунальнай гаспадаркі. Авось на гэты раз пашанцуе!
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика