“ВЯРНІЦЕ НАШАГА ФЕЛЬЧАРА”

Гэтае патрабаванне выказалі ўсе, хто прысутнічаў на сустрэчы. Нават адрасавалі адпаведны ліст галоўнаму ўрачу цэнтральнай раённай бальніцы А.І.Карневічу, у якім адзываюцца аб былым фельчары М.І. Чэчка як аб добрасумленным і ўважлівым у адносінах да сваіх пацыентаў. Ліст падпісалі больш за 50 жыхароў пасёлкаў Вазнясенскі і Міхайлаўскі. Таксама ў іх ліку дырэктар КСУП “Вазнясенск” М.М.Новікаў і спецыялісты гаспадаркі, дырэктар Камуна-Ленінскай школы В.В.Гулевіч, настаўнікі, працаўнікі дзіцячага садка, установы культуры і іншыя. Людзі вельмі не задаволены тым, што зараз фельчарска-акушэрскі пункт працуе толькі два дні на тыдні. І выказваюць справядлівыя нараканні: “У пасёлку Вазнясенскі пражываюць 437 чалавек , з іх 108 – дзяцей да 15 год, і 68 пенсіянераў. У пасёлку Міхайлаўскі 12 жыхароў (з іх 1 – непаўналетні, 7 – пенсіянераў). У вёсцы Бердыж пражываюць 29 чалавек (2 – дзеці, 13 – пенсіянеры). Мяркуйце самі, ці падыходзіць нам сенняшні працоўны расклад медустановы?” Па словах жа фельчара Ягора Уладзіміравіча Залескага, ён наведвае вазнясенцаў так нечаста таму, што працуе на 1 стаўку ў Залескім ФАПе і толькі на 0,25 у Вазнясенскім.
Але самым галоўным у гэтай “гарачай” гутарцы было вялікае жаданне вярнуць медработніка, які, па сцвярджэнню сяльчан, і прафесіянал сапраўдны, і чулы клапатлівы чалавек, які добразычліва ставіцца да ўсіх: і малых, і старых. Каб аказаць неабходную медыцынскую дапамогу, Міхаіл Іванавіч Чэчка не лічыўся з уласным вольным часам, мог наведацца да хворага і глыбокай ноччу, і ў святы. Часта выкарыстоўваў прыватны аўтамабіль, калі патрэбна было адправіцца ў іншы населены пункт.
Са свайго боку старшыня Ленінскага сельскага Савета І. М. Ганжын станоўча характарызаваў прафесійную дзейнасць фельчара, выказваў заклапочанасць сённяшняй працай ФАПа. Гэта значыць, што кіраўнік зацікаўлены ў станоўчым вырашэнні праблемы і гатовы адстойваць інтарэсы людзей. Па словах І.М.Ганжына, у бліжэйшы час адбудзецца сустрэча жыхароў Ленінскага сельсавета з кіраўніцтвам райбальніцы і прадстаўнікамі райвыканкама, на якой будзе вырашацца праблема.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика