АБАВЯЗАК ПЕРАД ДЗЕЦЬМІ І ДЗЯРЖАВАЙ

Вынікам медыцынскага агляду абавязаных асоб было прысвечана пасяджэнне каардынацыйнага Савета па выкананню ў раёне патрабаванняў Дэкрэта № 18. Як паведаміў галоўны ўрач ЦРБ А.І. Карневіч, сёння яго прайшлі 30 грамадзян дадзенай катэгорыі. З іх 5 чалавек у сувязі з наяўнасцю тых або іншых захворванняў прызнаныя медыцынскай камісіяй увогуле не здольнымі выконваць бацькоўскія абавязкі, яшчэ двое чакаюць таго ж самага заключэння.
Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама А. С. Мініна прааналізавала налічэнне і выплату заработнай платы абавязаным асобам, якія працуюць у дзяржаўным прадпрыемстве «Звязда». Спецыяліст завастрыла ўвагу на тым, што працаўнікі, якія ў поўнай меры ўсвядомілі, што пакрываць выдаткі дзяржавы на ўтрыманне іх непоўналетных дзяцей прыйдзецца ў любым выпадку і адказна ставяцца да выканання ўсіх нормаў і аб’ёмаў, атрымліваюць і адпаведны заробак. А значыць і сума запазычанасці ў іх пагашаецца значна хутчэй. Гэта пацвердзіла і кіраўнік прадпрыемства Г.П. Трыбунах. Адна з працаўніц прайшла курс лячэння па збаўленню ад алкагольнай залежнасці (калі ў чалавека ёсць такое жаданне, кіраўніцтва і прафсаюзны камітэт усе выдаткі бяруць на сябе), перайшла на больш аплочваемую працу і плануе вярнуць сваё дзіця ў сям’ю. Калі жанчына і далей будзе паводзіць сябе станоўча, то такая магчымасць у яе ёсць. Да таго ж, у гэтым выпадку і запазычанасць перад дзяржавай будзе цалкам спісана. Але не ўсе абавязаныя імкнуцца наладзіць сваё жыццё. Яшчэ адна жанчына, у якой толькі нядаўна адабралі 5 дзяцей, не паспела працаўладкавацца, як ужо некалькі дзён не з’яўляецца на рабочым месцы. Такія ж адносіны да працы і яшчэ ў некалькіх абавязанных. Але кіраўнік прадпрыемства не губляе надзеі на тое, што і іх атрымаецца перавыхаваць.
Таксама падчас пасяджэння была разгледжана інфармацыйная запіска пракурора раёна аб ходзе рэалізацыі на Чачэршчыне Дэкрэта № 18, у якой называліся станоўчыя і адмоўныя моманты ў працы зацікаўленых служб жыццязабеспячэння раёна.
Вольга ПЯКАРСКАЯ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика