З любоўю да роднага, спрадвечнага, беларускага

Народны этнічны інструментальны ансамбль «Чачэрская лютня» ўражвае сваімі музычнымі кампазіцыямі, шматгалоссем народных матываў і неардынарнымі канцэртнымі нумарамі.
У складзе этнакалектыву, мастацкім кіраўніком якога з’яўляецца Ксенія Кручык, 6 чалавек. Іх аб’яднала бязмежная любоў да роднага, спрадвечнага, беларускага. Музычныя народныя варыяцыі з элементамі джаза і рока на акардыёне, блок-флейце, казу, дудзе і электронным сінтэзатары ствараюць і дораць са сцэны Алег Брыцікаў, Аляксей Кулеш, Паліна Вострыкава, Анатоль Гурынаў і Вячаслаў Андрэенка. Розныя па характары, сацыяльным паходжанні і менталітэту людзі знайшлі сябе і адзін аднаго ў музыцы. Артысты маладзёжнага гурта прапагандуюць беларускую культуру, песні малавядомых або забытых аўтараў, традыцыйны нацыянальны фальклор. Павагу і прыязнасць да этнічнага, перанятыя ад былога кіраўніка Мікалая Крыўко, яны сардэчна зберагаюць і прапануюць сучаснікам. Музычныя творы, што пішуць на свой густ, максімальна захоўваючы пры гэтым вершаваныя тэксты, прасякнутыя глыбокім гістарычным сэнсам. Ён адклікаецца рэхам радзімічаў і вяртае нас у часы князя Радзівіла. У рэпетуар падбіраюць сямейна-бытавыя, рэкруцкія, абрадавыя, старажытныя сюжэты, робяць аранжыроўкі, і ў выніку атрымоўваецца ўнікальны, асучаснены твор з элементамі мелодый сярэднявечча, даўняга мінулага. Свежае ўліванне і асаблівы стыль выканання прынеслі этнакалектыву прызнанне, новае дыханне ў музычна-песенным мастацтве выклікала прыхільнасць не толькі аматараў нацыянальнай культуры, але і прыйшліся да душы слухачам розных узростаў. Выступленні «Чачэрскай лютні» ўражваюць сілай таленту і крэатывам, здзіўляюць музычнымі знаходкамі. Неардынарнасць выканаўцаў магла ацаніць расійская аўдыторыя горада Кантыміраўка Варонежскай вобласці на міжрэгіянальным фестывалі творчасці славянскіх народаў «У сям’і адзінай», нашы артысты паланілі сэрцы гледачоў Гомельшчыны. Чачэрскую фалькгрупу двойчы запрашалі на абласное тэлебачанне «Добры вечар, Гомель», музыканты прымалі ўдзел у прамым эфіры на «Праўда Радыё». А ў 2017 годзе калектыў заваяваў Гран-пры фестываля «Бардаўскія песні» ў Польшчы.
У «Чачэрскай лютні» на рахунку ўжо 2 альбомы музычна-песенных кампазіцый – зборнікі «За дваром», «І народныя песні» не пакінуць абыякавымі нікога. Пачуць чысты голас і беларускія традыцыйныя матывы можна ў відэароліках на YouTube, а таксама у сацгрупе «ВКонтакте». Зусім хутка чачэрскія віртуозы прадставяць свае новыя работы ў канцэртнай праграме «Палі». Такую назву вырашылі даць таму, што Чачэршчына – край хлебных палёў і спелай нівы, тут вольна дыхаецца і добра спяваецца. Паслухаць выступленне запросяць жадаючых у гарадскую ратушу. Сачыце за рэкламай, прыходзьце і атрымайце асалоду ад сустрэчы з этнічным, прыгожым і родным. Тым больш што такога рэпертуару і жывога гуку народных інструментаў вы не пачуеце нідзе ў раёне.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика