Высокія прывагі пагалоўя – у братоў Малашкіных

На залескай ферме №1 браты Фёдар і Рыгор Малашкіны працуюць разам ужо 10 гадоў, і ўвесь гэты час дасягаюць высокіх паказчыкаў па вытворчасці мясной прадукцыі.
Жывёлаводы па догляду за адкормачным і нагульным пагалоўем сельгаспрадпрыемства «Звязда» ўжо а пятай гадзіне раніцы на МТФ: чысцяць кармавы стол грамадскаму статку, укладваюць сухі подсціл, раздаюць канцэнтраты, сена, сілас. А сакавітага корму і чалавечага цяпла чакаюць ад 800 да 1200 галоў бычкоў на адкорме, цялушкі і маладняк пад асемяненне. Менавіта такой колькасці гадаванцаў братам Малашкіным неабходна забяспечыць належны догляд і ўтульнае ўтрыманне, каб жывёла расла здаровай і набірала вагу. Трэба сказаць, што плён жывёлаводаў дае станоўчыя вынікі, прычым некалькі гадоў запар. Зімой і летам гэтыя паказчыкі ўтрымліваюцца на вышыні. Так, напрыклад, за снежань 2020-га ад сваёй групы БРЖ перадавікі вытворчасці атрымалі 733 грамы сярэднесутачнай прывагі, а за студзень гэтага года іх бычкі пацяжэлі на 637 грамаў.
Аптымізм дапамагае Фёдару і Рыгору Малашкіным у рабоце і ў жыцці. Выхадцы з вёскі прывыклі да турбот і насычанага распарадку дня. «Сёння працаваць не цяжка, – усміхаецца Фёдар Васільевіч. – Раней мы з Рыгорам за дзень загружалі і пераносілі на руках да 60 тон зялёнай масы. Цяпер жа ўсё механізавана, толькі паспявай падкідвай жывёле свежы сняданак і сачы, каб у кашарах было чыста. Так, сялянскі клопат складаны і напружаны. Але ўсё па плячы, калі любіць сваю справу, душой і сэрцам прыкіпець да вёскі і прытрымлівацца дысцыпліны». Яно сапраўды так і ёсць. Перад тым, як стаць жывёлаводамі, браты спрабавалі сябе ў іншых прафесіях, абодва працавалі ў галіне лясной гаспадаркі. Аднак цяпер шчыруюць на карысць роднага сельгаспрадпрыемства і ўласнага дабрабыту. Іх старанні цэніць кіраўніцтва «Звязды» і ганарыцца, што на залескай зямлі ёсць такія адданыя і руплівыя людзі. Наогул, прозвішчы перадавых работнікаў шырока вядомыя на Чачэршчыне, пра карпатлівых даглядчыкаў не раз пісала раённая газета. А імя Фёдара Малашкіна было раней занесена на раённую Дошку гонару.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика