Гісторыю Чачэрска і яго славу пішуць людзі

Гэты год азнаменаваны ўрачыстай падзеяй для ўсіх жыхароў краю – нашаму Чачэрску спаўняецца 50 гадоў, як ён атрымаў статус горада.
Як вядома, першае згадванне пра населены пункт адбылося ў сярэдзіне ХІІ стагоддзя, асновай яго стала гарадзішча радзімічаў. Пасяленне будавалася, пашырала свае межы, і ў верасні 1938 года Чачэрск разросся да пасёлка гарадскога тыпу з пераважна яўрэйскім насельніцтвам па прозвішчах Левін, Майзлін, Рохлін. Па заканадаўству таго часу, каб набыць катэгорыю горада, неабходна было, каб у ім пражывала не менш 6 тысяч жыхароў. На Чачэршчыне ж тады налічвалася больш вясковага насельніцтва. Пасёлкаў, вёсак, хутароў і кардонаў – аж 274 па раёну. Толькі ў Меркулавіцкім сельсавеце 32, а ў Роўкавіцкім, Глубочыцкім і Навухавіцкім – за 20. Людзі ставілі хаты, засейвалі агароды, разводзілі жывёлу і харчаваліся прадуктамі ўласнай вытворчасці, не рызыкуючы мяняць бацькоўскую хату на чачэрскія вуліцы.
Тым не менш гарадское жыццё не стаяла на месцы, межы Чачэрска пашыраліся, наладжвалі работу вытворчыя аб’екты. У 1957 годзе вышывальная арцель імя 20-годдзя Кастрычніка пераехала ў двухпавярховы будынак. Пазней раён літаральна рвануў наперад па сацыяльна-культурным развіцці: тут і там ладзіліся ўрачыстасці па адкрыцці адміністрацыйных памяшканняў, вытворчых новабудоўляў, устаноў адукацыі і ўвядзенні ў эксплуатацыю аб’ектаў жылфонду. У Чачэрску з’явілася гасцініца, фабрыка мастацкіх вырабаў. Новыя класы прынялі дзяцей СШ №2, расчынілі дзверы шматпавярховая першая школа, цэнтральная раённая бальніца, райвыканкам і будынак былога гарсавету – цяпер раённы Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. І ва ўсіх гэтых установах працавалі адданыя сваёй справе людзі. Калісьці кіраваў калектывам другой школы Міхаіл Пусоўскі, а ў СШ №1 – Васіль Калачоў і Васіль Кузьмянкоў. Многія яшчэ памятаюць найдабрэйшага дырэктара гэтай жа ўстановы Васіля Стоша. Фабрыку мастацкіх вырабаў узначальвалі Вера Карасік і Лідзія Мужчыніна, а да гэтага сачыў за вытворчым працэсам вышывальнай арцелі «20 год Кастрычніка» Мішарын Берын. Дзякуючы Эмануілу Дворкіну і яго калектывам МТС, Міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі і ПМК, наш Чачэрск святкаваў наваселле, разрастаўся жылы сектар. Арганізоўваў работу камунальнай службы Сямён Марголін, а пра заслужанага лесавода Беларусі Пятра Хлебаказава шмат пісалі абласныя і рэспубліканскія СМІ. Вельмі добрыя былі ў нас медыцынскія работнікі, многія чачаране і цяпер удзячны ўрачам Барысу Дэнчыку, Асі Гарэлік, Пятру Баярчыку, Генадзю Скіданенку, Святлане Юшкевіч, Івану Яршову, Эдуарду Куніцкаму і многім іншым, хто рупіўся аб здароўі насельніцтва.
Чачэрск стаў радзімай многіх вучоных дзеячаў, людзей працы, творчых асоб, Герояў Савецкага Саюза і рэвалюцыянераў. Сярод шматлікіх прозвішчаў імя паплечніка Фелікса Дзяржынскага – намесніка наркома Народнага камісарыяту ўнутраных спраў СССР, камісара дзяржбяспекі 1-га рангу Якава Агранава. Славу горада памнажаюць і сучасныя жыхары, таленавітыя педагогі, урачы, культасветнікі, заслужаныя лесаводы, дарожнікі, работнікі сельскай гаспадаркі і іншыя. На старонках раёнкі мы яшчэ не раз раскажам пра іх працоўны шлях, творчыя дасягненні і самыя лепшыя чалавечыя якасці.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика