Ігар Чарняўскі ўдзячны той зямлі, дзе нарадзіўся

Напярэдадні 30-годдзя гісторыка-этнаграфічнага музея нельга абысці ўвагай чалавека, які мае дачыненне да нашага горада і папаўнення музейных фондаў. Малая радзіма былога начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры, эксперта, члена праўлення фонда «Культурная спадчына і сучаснасць» Ігара Чарняўскага – Чачэрск.

Тут ён нарадзіўся, тут хрышчоны ў Свята-Прэабражэнскай царкве. З вуліцы Калгаснай пайшоў у насычанае падзеямі і ўнікальнымі знаходкамі жыццё. Яшчэ ў 5 класе папрасіўся на раскопкі, што праводзіліся на беразе возера Нарач, і затым кожнае лета прымаў удзел у археалагічных даследаваннях. Так было і падчас вучобы на гістфаку БДУ. Ён кожнае лета ў складзе экспедыцыі Акадэміі навук адпраўляўся на раскопкі.

Пасля вучобы ва ўніверсітэце па размеркаванні трапіў у адну з вясковых школ на Мядзельшчыне. «З прыемнасцю ўспамінаю тыя гады, цудоўнага дырэктара і згуртаваны калектыў, – гаворыць Ігар Мяфодзьевіч. – Край там пявучы, багаты на фальклор і народныя традыцыі. Потым мне прапанавалі месца археолага ў навукова-даследчым праектным бюро Спецыяльных навукова-рэстаўрацыйных вытворчых майстэрняў пры Міністэрстве культуры БССР, дзе я працаваў з 1979 па 1990 гады. За гэты тэрмін выпала правесці даследаванні дзясяткаў помнікаў архітэктуры і археалогіі ў Гродне, Крэве, Віцебску, Магілёве, Мінску, Міры, Нясвіжы, іншых гістарычных гарадах і мястэчках Беларусі. У пачатку 1980-х мы праводзілі раскопкі на Замкавай гары ў Чачэрску. Знайшлі металічныя вырабы, фрагменты керамічнага посуду. Пасля апрацоўкі ўсе артэфакты перададзены ў фонды гісторыка-этнаграфічнага музея».

На заслужаным адпачынку Ігар Мяфодзьевіч працягвае займацца пытаннямі аховы спадчыны, піша артыкулы, чытае лекцыі, удзельнічае ў мерапрыемствах па рэалізацыі беларуска-польскага праекта «Нясвіжская акадэмія». Жонка Лілія таксама спецыяліст у галіне рэстаўрацыі, праводзіць даследаванні аб’ектаў спадчыны. Сын Альгерд – начальнік аддзела ўпраўлення Міністэрства культуры, дачка Хрысціна звязала свой лёс з журналістыкай.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика