Упраўляючы покацкай фермы Аксана Мельнікава ўмее ладзіць працу

Больш за 30 гадоў сочыць за надоямі малака і прывагамі маладняка ўпраўляючы малочна-таварнай фермы «Покаць» Аксана Мельнікава. За гэты час тут склаўся згуртаваны і дружны калектыў.

У юнацтве Аксана Васільеўна меркавала паступіць у гандлёвае вучылішча. Нават накіравала дакументы ў прыёмную камісію, але перадумала. Выйшла замуж і ўладкавалася асеменатарам на Покацкую ферму. Добрасумленная і старанная яна заслужыла аўтарытэт кіраўніцтва, была пераведзена на пасаду брыгадзіра, а затым узначаліла калектыў.

Штодзённы клопат упраўляючага праходзіць каля 448 галоў рагатага статка: накарміць, напаіць, падаіць, прасачыць за своечасовымі вакцынацыямі. Да таго ж абавязковае патрабаванне для ўсіх работнікаў – санітарны парадак на аб’екце.

– Кармавая база і ўмовы ўтрымання жывёлы сталі якасней, чым былі раней, – сцвярджае Аксана Васільеўна. – Зразумела, гэта паўплывала на надоі, якія адчувальна падраслі. Сёння мы атрымліваем у сярэднім 7 920 кілаграмаў малака ў дзень, што складае каля 20 літраў на карову, або больш 6,5 тысячы літраў у год. Сортам экстра паступае каля 90% прадукцыі, таварнасць – звыш 90%. Дойны статак пастаянна аднаўляем, робім выбракоўку, 80 цялят ўтрымліваюцца ў доміках халоднага вырошчвання. Сухастойных і першацёлак на раздоі засялілі ў асобнае памяшканне. Жывёле выдаецца сумесь кармоў, канцэнтраты. Улетку статак харчуецца як прывазной травой, так і на корані. Вельмі важна, каб каровы пахадзілі па пашы, пагрэліся, падыхалі свежым паветрам. Такі выгул ім толькі на карысць, скаціна менш хварэе і дае добрае малако».

Покацкая ферма не раз выходзіла лідарам у раённых спаборніцтвах, была першай у акцыі «Наш жывёлавод», за добрасумленную працу адміністрацыя заахвочвае лепшых аператараў машыннага даення. У прадуктыўнай рабоце, безумоўна, вялікая заслуга ўпраўляючай МТФ, якую таксама ўшаноўвалі за бездакорнасць і плён.

Працоўны дзень Аксаны Мельнікавай пачынаецца «з першымі пеўнямі»: ужо а чацвёртай гадзіне раніцы яна абыходзіць хлявы, малочны блок, прылягаючую тэрыторыю.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика