Галоўнае не губляць рытму: як ідзе бесперапынная праца на ферме «Залессе»

Поспехі ў любой галіне дзейнасці залежаць ад таго, наколькі граматна пастаўлена работа ў калектыве, як выконваецца службовая дысцыпліна і ствараюцца бытавыя ўмовы працы. На ферме «Залессе» сельгаспрадпрыемства «Звязда» жывёлаводы ведаюць, чаго ад іх патрабуюць, якіх чакаюць вынікаў і чым адплацяць за руплівасць.

За рагатым статкам каля 1 500 галоў вядуць догляд 4 аператары на адкорме і столькі ж здабываюць белае золата. Дойка ажыццяўляецца тройчы ў дзень, малако ад 188 кароў рэалізуецца 70% сортам экстра. У сярэднім за суткі тут прапускаюць праз малакапровад 3 300 кілаграмаў валавага надою. Каб лічба ў табелі ўліку трымалася на ўзроўні, на кармавы стол жывёле кладуць збалансаванае харчаванне, якое складаецца з сенажу і сіласу, 300 грамаў камбікорму на 1 кілаграм атрыманага малака ад каровы, сена.

На Мікалая Шуманава і яго дружную каманду ўскладзена задача па нарошчванні тэмпаў вытворчасці. А клопату тут хапае і з малочным пагалоўем, і каля цялят. За імі паяркі наглядаюць да 2-2,5 месяцаў, затым маладняк перадаюць на дарошчванне. На сытнай ежы бычкі і цялушкі падрастаюць у вазе да 250 кілаграмаў, а потым іх сартыруюць: каму папаўняць дойны статак, а каго на адкорм. Дарэчы, на рахунку братоў Фёдара і Васіля Малашкіных у сярэднім 700 грамаў прывагі на ўмоўную галаву БРЖ.

– З добрага боку хачу адзначыць таксама даглядчыкаў Мікалая Міранкова і Дзмітрыя Карнеенку, якія кормяць групу кароў, – дзячыць за плён упраўляючы МТФ. – У мінулым годзе стала лепшай па гаспадарцы сярод даярак наша Наталля Нікіціна, якая атрымала 358 тон сырадою, або 7 614 кілаграмаў на карову. Таксама добра працуе Валянціна Каровіна, 27 гадоў аддала жывёлаводству аператар машыннага даення Надзея Хрысціна, на добрым уліку паярка Валянціна Лашкевіч. Трэба сказаць, што ўвесь калектыў зацікаўлены ў высокіх паказчыках. Галоўнае не губляць рытму. Для заахвочвання ў гаспадарцы распрацаваны ўмовы аплаты па відах работ, і кожны стараецца ўнесці свой уклад у агульны працэс. Ферма, як фабрыка, на якой тчэцца ўстойлівае развіццё гаспадаркі і дабрабыт людзей. Малако – гэта хуткія, калі можна так сказаць, хаця і цяжкія грошы. Таму без дысцыпліны і штодзённага клопату не абыйсціся. А заробак – згодна прыкладзеных намаганняў, вынікам якіх пры станоўчым раскладзе стане стабільнасць і радасць жыцця.

Калі гаварыць непасрэдна пра Мікалая Мікалаевіча, упраўляючы прыходзіць на ферму, як дадому. Тут праходзіць большая частка яго жыцця. За 36 гадоў у сельгаспрадпрыемстве, з якіх 17 на кіраўнічай пасадзе, ён дакладна вывучыў асаблівасці вытворчай галіны, характар людзей і падыходы да іх. Трэба адзначыць, што і жонка Мікалая Шуманава жывёлавод, зараз у дэкрэтным адпачынку. А сын Аляксандр працуе ў «Звяздзе» галоўным ветэрынарным урачом.

В.БАГДАНОВІЧ

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика