ТАЛЕНТ У СПАДЧЫНУ

Год назад з мэтай папулярызацыі і захавання народнага музычнага мастацтва пры Бабіцкай школе быў створаны дзіцячы ансамбль гарманістаў “Крыжачок”, кіраўніком якога стаў таленавіты гарманіст, аматар беларускай традыцыйнай культуры, апантаны музыкант-самародак Пятро Біжуноў. Спачатку паспрабаваць свае музычныя здольнасці ў гурток запісаліся 13 чалавек, сярод якіх былі нават дзяўчынкі. Але праз пэўны час, прайшоўшы дасканалы іспыт на вынослівасць, творчыя магчымасці і духоўнае захапленне, у ансамблі засталіся толькі пяць хлопчыкаў. Але затое якіх! У іх руках інструмент спявае і таньчыць, мелодыя льецца гладка, з-пад спрытных пальцаў тонкім струменьчыкам таленту струяць зладжаныя рытмічныя гукі з пераборамі. У рэпертуары калектыву больш за ўсё народных танцаў, найгрышаў і песень. Гэта такія знаёмыя ўсім, як “Нарэчанька”, “Сербіянка”, “Карапэт”, “Базар”, “Каробачка” і іншыя. Многія з іх апрацаваны і набылі новае гучанне дзякуючы Пятру Сямёнавічу. Скажам, танец “Лявоніха” на тры калены не пачуеш нідзе, акрамя Бабіч. Спрабуюць хлопцы і свае спеўныя магчымасці. Са сцэн сельскіх Дамоў культуры на суд прыдзірлівага гледача ўжо прагучалі такія песні, як “Ехаў Ясь на кані”, “Рабінушка”, “Кацюша”, “Галіна” і іншыя, а таксама беларускія прыпеўкі. Кіраўнік гурта расказаў, што дзеці самі падбіраюць песенныя нумары. Напрыклад, каб парадаваць дзеда або маці, развучваюцца любімыя творы дарослых, і такім чынам рэпертуарны запас папаўняецца. Хлопцы нават не паспяваюць добра вывучыць адзін твор, як да іх прыходзіць новая ідэя.
А
нсамбль гарманістаў “Крыжачок” штомесяц выступае ў Нісімкавіцкай бальніцы сястрынскага догляду. Сталыя людзі са слязамі на вачах назіраюць за віртуознай ігрой бабічан, успамінаючы і сваю маладосць, і першыя спатканні пад вокнамі хаты, і адляцеўшыя летуценні. Пётр Сямёнавіч упэўнены – калектыў будзе жыць, творча развівацца і пры дапамозе народнай музыкі захоўваць нацыянальную беларускую культуру. На жаль, у рабят пакуль няма сцэнічных касцюмаў і недастае інструментаў. У наяўнасці толькі старыя гармонікі і наладзіць роўны строй акампанементу бывае складана. Але матэрыяльная база – справа паправімая. Галоўнае, каб у юных музыкаў “гарэлі” пальцы і пульсавала сэрца пры дотыку да пругкіх маленькіх гузікаў двухрадкі.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика