Талент праз усё жыццё: як “Ажына” спявае, а Лідзія Гуркова ў 79 вышывае

Любоў да музыкі і бацькоўскіх традыцый жыве ў сямьі Надзеі і Уладзіміра Канцавых з Валосавіч. З 1975 года яны займаюцца ў калектывах мастацкай самадзейнасці, спяваюць на святах і вечарынах. А хата жыхаркі вёскі Новазахарполле Лідзіі Гурковай – сапраўдны музей таленту.

З любоўю да песні

У Надзеі Мітрафанаўны багаты педагагічны стаж, больш за 40 гадоў каля дзяцей і падручнікаў, 26 зімаў і вёснаў узначальвала Сідаравіцкую школу. Уладзімір Яўменавіч прайшоў шлях ад агранома да выконваючага абавязкі старшыні калгаса «Сож», быў старшынёй прафкама.

Каля 15 гадоў каля Надзеі Канцавой яе родныя сёстры Марыя і Галіна, якія жывуць у Чачэрску, але па першым запрашэнні едуць на рэпетыцыю ці выступленне. Між іншым, ужо шмат гадоў у Валосавічах праводзяць абрад пахавання стралы. Калісьці яго адрадзіла іх маці Марыя Карнеенка. Яна ж была і адной з заснавальніц цяперашняга калектыву «Ажына». А вакальнае майстэрства перадалося ёй ад бацькі.

– Дзед Васіль любіў застольныя песні, – успамінае Надзея Мітрафанаўна. – Хоць і працаваў цяжка, аднак на вясковых гуляннях заўсёды весяліўся ад душы.

Каляровая мазаіка крыжыкам і гладдзю

Беленькія сурвэткі, абрусы, накідкі і прасціны, вышытыя пярэстымі ўзорамі, аздабляюць пакоі Лідзіі Гурковай. Вось жанчына дастае з шафы і выкладае на стол вялікі стос палатняных вырабаў.

Вышываць Лідзія Андрэеўна навучылася ад маці, і ўжо з 12 гадоў не выпускае з рук іголку. Нават у свае 79 іншы раз возьмецца за пяльцы, каб заняць вольны час.

Калі яшчэ працавала ў калгасе даяркай, знаходзіла магчымасць гадзіну-другую аддацца любімай справе. А на фабрыцу мастацкіх вырабаў не толькі вышывала, за 16 з паловай гадоў навучылася выбіваць ажурныя малюнкі на накідках і падузорніках.

Яе работамі засланы ўсе ложкі і канапы, яны захоўваюцца ў куфарах. Бывае сядзе Лідзія Андрэеўна ля вакна, дастане са сховішча каляровае мулінэ і клубкі з шарсцянымі ніткамі. Другім разам ціхенька зацягне песню, як тады, у далёкай маладосці, калі маці – на кроснах, а яны з сястрой побач за ручной работай.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ
На фота “Ажына”.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика