На Чачэршчыне завяршаецца ўборка рапсу

У раёне фінішуе ўборка азімага рапсу. Аграрыі з сельгаспрадпрыемства «Вазнясенск» ужо завяршылі работу, астатнія вось-вось паставяць кропку.

Отарскія хлебаробы таксама вывелі ў поле зернеўборачныя камбайны, на рапсавых палетках шчыруюць чатыры экіпажы і тэхніка на адвозцы. Спачатку вызваляюцца ад пасеваў тыя ўчасткі, дзе алейная культура паспела першай – на ўзвышшах і больш пясчаных землях. У сціслыя тэрміны належыць пусціць пад жатку камбайна 181 гектар травяністай расліны.

Плячом да пляча ад світанку да заходу працуюць Аляксандр Лапо, Сяргей Рослікаў, Аляксандр Ткачоў, Сяргей Мінянкоў і Аляксандр Ігнаценка. Адвозяць гатовую прадукцыю на зернесушыльны комплекс вадзіцелі Міхаіл Сямёнаў, Андрэй Казлоў, Мікалай Сіцько і Аляксандр Усаў. На палетках дзяжурыць трактар з бочкай. Механізатараў двойчы на дзень кормяць у полі. Кароткі перапынак, некалькі хвілін на адпачынак – і зноў за руль.

А на зернесушыльным комплексе, маторы якога гудуць і днём, і ўначы, ужо чакаюць жаданыя тоны ўраджаю. Прымаюць машыны з зернем чатыры аператары КЗС. У пары з Дзмітрыем Сядовым – Сяргей Ілюшэнка, для якога гэты сезон стаў першым на такой працы. Ён прайшоў папярэдняе навучанне і авалодаў практычнымі ведамі на сушылцы. Сяргей Васільевіч перасыпае чорныя бубкі з рукі ў руку і задаволена ківае галавой – з палёў паступае зерне з 12-працэнтнай вільгаццю. Гэта добра, бо будзе менш затрачана рэсурсаў на яго сушку.

Уборка рапсу ў гэтым годзе пачалася на два тыдні раней звычайнага – гэтаму паспрыяла засушлівае надвор’е. Галоўны аграном гаспадаркі Юрый Батракоў адзначыў, што таму і зерне значна згубіла ў вазе. На 4 ліпеня ўраджайнасць склала 13 цэнтнераў з гектара.

Сёлета з-за засухі з пасеяных 2 093 гектараў азімага рапсу ў раёне 1173 га пераведзена ў кармавую групу і пакладзена ў сіласныя ямы. Сонца бязлітасна выпаліла палеткі з гэтай культурай у ААТ «Палессе», адмоўна паўплывала на ўраджайнасць іншых гаспадарак. На 4 ліпеня на Чачэршчыне было ўбрана 73% ад усёй плошчы.

В.БАГДАНОВІЧ

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика