УСЁ МАГЧЫМА, КАЛІ РАЗАМ

У чарговым спаборніцтве сельскагаспадарчага маладзёжнага праекта “Уладар сяла – 5” прынялі ўдзел 5 сямей Чачэршчыны: Атрашковы, Мініны, Даўгацелец, Чэчка і Кірэевы. Як і заўсёды, удзельнікі ярка прадставілі свае каманды, а затым пачалася спартыўная барацьба. У вясёлых забаўляльных конкурсах сем’і прадэманстравалі свае магчымасці ў хуткасці на чыстку бульбы, лоўкасць пры складванні дроў калодзежам, жанчыны запрагалі каня, а мужчынам давялося даказваць сваю перавагу ў спавіванні дзіцяці. Смех, жарты, апладысменты, малады задор і лёгкае хваляванне стварылі атмасферу свята і добрага настрою. І хоць зверху сонца бязлітасна высмальвала паветра, пякло зямлю і плечы людзей, але гэта ніколькі не пашкодзіла азарту і спартыўнаму духу каманд. Усе змагаліся на поўную сілу, стараючыся стаць лепшымі. А лідэрства дасталося сям’і Міхаіла і Ларысы Чэчка з п.Вазнясенскі. Муж і жонка працуюць у Чачэрскай раённай бальніцы – яна медсястрой прыёмнага аддзялення, а ён фельчарам даўрачэбнага кабінета. Дзевяць гадоў назад яны пазнаёміліся, калі Міхаіл прыехаў на Чачэршчыну па размеркаванню. Цяпер у іх расце малая дачушка Ангеліна. Самым цяжкім у конкурсе, як прызналася Ларыса, было запрагці каня. Гэтага яна ніколі раней не рабіла, таму перад спаборніцтвам цэлы тыдзень вучылася такому нязвыкламу для яе майстэрству ў свайго суседа. І няблага справілася з задачай. Аднак тое, што сям’я стала пераможцай, было прыемным сюрпрызам. У наступны раз каманда Чэчка абавязкова пастараецца ўтрымаць лідэрства.
Адметнасцю гэтага этапу быў удзел у конкурсе гасцей з Рэчыцы – маладая сям’я Ірыны і Ігара Кандрацьевых з дочкамі Дар’яй і Вольгай прыехалі па запрашэнню, каб паказаць свой спрыт, згуртаванасць і моц сапраўднай ячэйкі беларускага грамадства. Муж і жонка прызналіся, што з задавальненнем удзельнічаюць у культурна-масавым жыцці свайго калектыву – ААТ “Рэчыцкі метызны завод”. А ў 2010 годзе сталі пераможцамі абласнога конкурсу “Лепшая сям’я года”. Суправаджаў каманду і быў яе балельшчыкам старшыня Рэчыцкага райвыканкама Пётр Шостак. Але прыехаў Пётр Мікалаевіч не з пустымі рукамі – усе ўдзельнікі атрымалі падарункі на памяць аб гэтым цудоўным і светлым мерапрыемстве.
Арганізатары, удзельнікі, госці і балельшчыкі гэтага цікавага і захапляючага спаборніцтва яшчэ доўга былі пад уздзеяннем падзей мінулага дня. Практыка паказвае – ёсць на Чачэршчыне сапраўдныя гаспадары зямлі, моцныя і дружныя сем’і, якія не баяцца жыццёвых перашкод і ўпэўнена пераадолеюць усе “падводныя камяні” чалавечага лёсу. Гэта магчыма, калі заўсёды быць разам.
Канцэртнай праграмай парадавалі гледачоў этнакалектыў “Чачэрская лютня” і асобныя выканаўцы мастацкага гурта з Рэчыцкага раёна.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика