бібліятэка на калёсах

У поле гудуць камбайны, на градзе паспяваюць агуркі і морква, у садзе наліваюцца сокам яблыкі, над сенажацямі лунае водар свежаскошанай травы. Вясковае жыццё бурліць, нібы вада ў глыбокім віры. У працавітага гаспадара і хвіліны вольнай не застаецца, столькі трэба паспець зрабіць. Але калі намечаныя на дзень работы выкананы, калі на захадзе сонца клапатлівыя жанчыны памыюць рукі, стомленыя мужчыны павячэраюць маладой бульбачкай з салам і салёным расолам, на змену няспыннай чалавечай мітусні прыходзіць хвіліна спакойнага мернага адпачынку. І гэты адпачынак многія чачаране праводзяць за чытаннем мастацкай літаратуры, газет і часопісаў. У маланаселеныя і аддаленыя вёскі перыядычныя выданні і кнігі абанентам дастаўляе перасоўная бібліятэка. За 6 месяцаў гэтага года паслугамі бібліятэкі на калёсах скарысталіся 237 чалавек, кнігавыдыча склала 1,5 тысячы экзэмпляраў. Кожную пятніцу бібліобус выязджае па маршруту згодна распрацаванаму графіку. У мінулы раз яго шлях ляжаў у населеныя пункты Отарскага сельсавета. Машыну з адпаведным надпісам вясковыя жыхары ўжо добра ведаюць. Вось бібліобус пад’язджае да хаты адной з чытачоў в.Акцябр. Ганна Кандраценка пераважна выбірае дэтэктывы, прыгодніцкія творы, гістарычныя раманы. Далучаюцца да пазнання літаратуры і яе двое паўналетніх дзяцей. Аднак, як прызнаецца жанчына, улетку часу недастае. Да таго ж, з’яўляючыся вось ужо дзесяць гадоў памочнікам старшыні сельвыканкама, даводзіцца вырашаць многія праблемы вяскоўцаў. І ўсё ж у вольную хвіліну так хочацца разгарнуць кнігу і пацікавіцца – што ж там далей па сюжэту. А вось аднавяскоўцы Ганны Міхайлаўны, сям’я Кашалапавых, аддаюць перавагу часопісам тэматычнай накіраванасці: “Прысядзібная гаспадарка”, “Гаспадар” і г.д. Нядаўна Кашалапавы набылі парсюкоў в’етнамскай пароды, а як іх правільна ўтрымліваць – падкажуць спецыялісты на старонках гэтых цікавых выданняў.
Сярод актыўных чытачоў Отарскага сельсавета Марыя Яфімаўна Саўчанка, Галіна Сцяпанаўна Калеснікава, Ціхан Васільевіч Фомчанка, Віктар Новікаў з в.Новая Яцкаўшчына і іншыя. Бібліятэкары ўжо ведаюць, каму і што па густу, добра вывучылі попыт вяскоўцаў. А тыя, акрамя папаўнення кніжных ведаў, прагнуць пагаварыць са “свежым чалавекам”, выказаць свой боль, падзяліцца радасцю, даведацца пра раённыя навіны. Заказаўшы новую літаратуру, людзі з неахвотай развітваюца і пачынаюць гартаць старонкі старых раманаў, праз акуляры вывучаюць тэксты пазнавальных артыкулаў і іншай карэспандэнцыі. Кніга па-ранейшаму застаецца верным і надзейным сябрам чалавека.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика