“ЧАЧЭРСК – МАЯ КАЛЫСКА, ТЭАТР – МАЁ ЖЫЦЦЁ…”

Кожны прыезд на малую радзіму заслужанай артысткі БССР, народнай артысткі Беларусі Людмілы Корхавай – не толькі радасць для самой жанчыны, але і прыемны падарунак прыхільнікам яе творчага таленту. Нядаўна чачаране зноў сустрэліся з актрысай Гомельскага драматычнага тэатра на праглядзе камедыі рэжысёра-пастаноўшчыка Віталія Баркоўскага “Палата бізнэс-класа”, дэманстрацыя якога адбылася ў ККЦ “Акцябр”. І, канешне ж, я зазірнула да Людмілы Канстанцінаўны за кулісы, каб даведацца пра яе пачуцці ад гэтага візіту на бацькаўшчыну.
– Кожны раз перад паваротам да горада мая душа напаўняецца трапяткімі ўспамінамі пра дзяцінства, калі мы з мамай хадзілі ў лес па грыбы, апрацоўвалі бульбяны ўчастак, – з агеньчыкам у вачах расказвае наша зямлячка. – Сёння ціхі правінцыяльны гарадок не той, што раней: ён стаў святлейшы, падганяе экстэр’ер пад еўрапейскі стыль, прыгажэе і маладзее. Складваецца ўражанне, што і людзі тут жывуць добра ды шчасліва. Мне гэта прыемна.
– Чачаране таксама ганарацца тым, што сярод выхадцаў з Чачэрска такая неардынарная і знакамітая асоба. Скажыце, як Вы прыйшлі на сцэну і што пасадзейнічала ўмацаванню Вашага таленту і прафесійнаму станаўленню?
– Прага да высокага мастацтва была ў мяне яшчэ з дзяцінства, мне заўсёды хацелася іграць у тэатры, хоць я там ніколі не была. Так, выступала ў мясцовым Доме культуры, любіла танцаваць. Аднак марыла аб нечым большым. Я прагла быць актрысай. І вось я на сцэне. Ролі былі розныя, але самай важнай і знакавай стала Медэя ў аднаіменнай трагедыі Еўрыпіда. Над гэтым вобразам мне прыйшлося працаваць сур’ёзна і з найвялікай адказнасцю, бо важна перадаць гледачу ўнутраны свет гераіні, поўнасцю раскрыць сюжэт твора, прымусіць аўдыторыю перажываць і трапятаць. Спектакль сам па сабе цяжкі і складаны па псіхалагічнай напрузе, вельмі эмацыянальны. Бадай таму для мяне ён стаў вяршыняй асабістага прафесійнага станаўлення, я значна абагаціла свае навыкі тэатральнага майстэрства, загартавала дух і волю. Пасля іншыя ролі даваліся больш лёгка, хоць кожны раз даводзілася рыхтавацца з такой жа сур’ёзнасцю і ўжываннем у вобраз.
– Вы можаце назваць свае лепшыя выступленні?
– Справа ў тым, што я не вяду ўлік спектакляў, як гэта робяць некаторыя мае калегі. Аднак сярод заглаўных роляў назаву: каралева Бургундская, ледзі Гамільтон, Чорная панна Нясвіжа, княгіня Ганна і іншыя. Дэфіцыту ў гэтым плане я ніколі, дзякуй Богу, не адчувала. І вельмі шчаслівая, што працавала і працую з цудоўнымі рэжысёрамі, што мяне запрашаюць у шматлікія пастаноўкі.
– Вы такі доўгі час на сцэне. Прызнайцеся, ці не стаміліся ад змены дэкарацый, касцюмаў, сваіх новых тэатральных вобразаў?
– Тэатр – гэта жывая энергія, якая яднае акцёра і гледача, звязвае іх нябачнымі нітамі духоўнага свету. Калі, скажам, адну і тую ж кінастужку можна паглядзець сёння, заўтра і праз 10 гадоў, то тое, што адбываецца на сцэне зараз, вось у гэту хвіліну, не паўторыцца ўжо ніколі. І кожны выхад пад асвятленне рампы выклікае лёгкае трапятанне, а апладысменты ў зале – задавальненне ад адыграных актаў. Я ўпэўнена: тэатр будзе заўсёды. І я буду ў ім столькі, наколькі хопіць сілы і таленту.
– Вы верагодна чулі, што ў Чачэрску нядаўна пачаў працаваць графскі тэатр. Канешне, узровень акцёрскага майстэрства чачаран не той, што Гомельскага драмтэатра. Аднак першыя пастаноўкі паказалі неблагія творчыя магчымасці мясцовых выканаўцаў. Думаю, жыхарам горада было б прыемна ўбачыць Ваша выступленне ў складзе графскага тэатра, прычым у галоўнай ролі. Што скажаце на гэта?
– Калі запросіце – сыграю. Магчыма, калі-небудзь так і будзе, а пакуль што хачу пажадаць і акцерам, і ўсім маім землякам часцей бярэдзіць сваю душу, каб яна на застывала на ложку каля тэлевізара. Прысутнае чачаранам пачуццё дабрыні, талерантнасці, чалавечнасці няхай і далей жыве ў вашых сэрцах. Не губляйце яго!

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика