Яго жыццё і подзвіг – несмяротныя

Жыхарам Чачэршчыны добра вядомы Герой Савецкага Саюза Пётр Лізюкоў. У лютым спаўняецца 110-я гадавіна знакамітага земляка-палкоўніка.

Нарадзіўся Пётр Ільіч у Гомелі, але ўсё дзяцінства правёў на чачэрскай зямлі. У 1921-м пайшоў у Нісімкавіцкую СШ, затым паступіў у Першую Ленінградскую школу артылерыстаў і выбраў прафесію ваеннага. Калі на СССР напала гітлераўская Германія, пайшоў на фронт. Ваяваў на Заходнім, Паўднёва-Заходнім, Ленінградскім, 3-м Беларускім франтах. Пачынаў баявы шлях з пасады начальніка штаба артылерыйскага палка, затым яго прызначылі камандзірам.

Камандуючы 46-й знішчальнай супрацьтанкавай артылерыйскай брыгадай асабістым прыкладам і адвагай натхняў салдат, вёў за сабой на ворага. Брыгада Лізюкова вызваляла Эстонію, Латвію, Літву, удзельнічала ў баях за Сталінград. Аднак сустрэць Перамогу камбрыгу не пашчасціла: стрымліваючы націск ворага і адстрэльваючыся ад фашыстаў кулямётам і супрацьтанкавай пушкай, ён загінуў 30 студзеня ў 45-м пад Калінградам. Быў пахаваны ў пасёлку Ушакова.

Гераізм і франтавыя подзвігі адважнага камандзіра адзначаны ордэнам Леніна, двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, а таксама Кутузава ІІ ступені, Айчыннай вайны І ступені, Чырвонай Зоркі і «Знакам Пашаны». Прозвішча Пятра Лізюкова навечна занесена ў спіс артпалка, яго імем названы расійскі рыбалоўны траўлер, вуліцы ў Гомелі і Чачэрску, ён залічаны ў члены брыгады Гомельскага радыёзавода, дзе працаваў да прызыву ў армію. Герой Савецкага Саюза не дажыў да свайго 36-годдзя ўсяго чатыры дні. Загінуў за свабоду і незалежнасць Радзімы, за блізкіх і ўвесь савецкі народ. Ахвяраваў сабой дзеля агульнага шчасця, міру і дабрабыту. Будзем удзячны яго мужнаму сэрцу і высокаму ўчынку, які зрабіў імя легендарнага камандзіра несмяротным.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика