Песня, абарваная на ўзлёце

IMG_20180115_130446

Выток

Блакітная стужка Сожа, спакойная летняя плынь Бердыжкі, шырокія пойменныя лугі, зубчастая сцяна зарэчнага лесу – усё радуе вока, поўніць душу ўзнёслымі пачуццямі. Прыгажосць гэтых мясцін, а галоўнае – багаты жывёльны і раслінны свет, запасы крэмневай сыравіны з сівых вякоў прыцягвалі ўвагу чалавека. Тутэйшыя жыхары ганарацца тым, што яшчэ 35-40 тысяч гадоў таму гэты куток быў заселены. Пра Бердыжскую стаянку першабытных людзей сёння можна прачытаць у падручніках па гісторыі Рэспублікі Беларусь і сусветнай гісторыі.
Выклікае цікавасць і курганны могільнік побач з вёскай, дзе знаходзіцца 50 насыпаў. Гэты помнік археалогіі датуецца X – XIII стагоддзямі, належаў радзімічам. Бердыж – адно з старэйшых паселішчаў на Чачэршчыне, яго ўзрост 508 гадоў. Менавіта тут роўна век таму, 2 лютага 1918 года, у сям’і малазямельнага селяніна Рыгора Гаўрылава нарадзіўся сын Лёня. Былі ў бацькоў і дзве дачкі – Антаніна і Валянціна. Каб мець нейкі заробак, бацька падаўся ў Чачэрск, уладкаваўся сезонным рабочым. Штодзённа пасля працы дабіраўся ў Бердыж. Калі сыну было каля двух гадоў, бацька прыдбаў у мястэчку невялікае жыллё і перавёз сям’ю. Аднак розныя абставіны прымушалі мяняць месцы працы. Пераязджалі ў Добруш, Гомель. Перад вайной пачалі жыць у вёсцы Давыдаўка пад Гомелем, дзе бацька ўладкаваўся на торфазавод зменным майстрам.
У сям’і Гаўрылавых заўсёды ў пашане бы-ла кніга. Асабліва многа чытала Лёнькіна маці. Нягледзячы на царкоўна-прыхадскую адукацыю, яна цікавілася навінамі літаратуры, калі жылі ў Бердыжы. Кнігі прыносіў яе стрыечны брат Мікалай, родны брат вядомага вучонага, доктара сельскагаспадарчых навук, прафесара Аляксандра Лявонцьевіча Новікава.
Лёня вучыўся паспяхова, многа чытаў. Рыфмаваць радкі пачаў у шостым класе. Гэта пераважна былі пейзажныя замалёўкі. Атрымаўшы сярэднюю адукацыю, Л.Гаўрылаў паступіў у Мінскі інстытут народнай гаспадаркі, але захапленне паэтычнай творчасцю было настолькі моцным, што ў 1936 годзе перайшоў на літаратурны факультэт Гомельскага педінстытута.

Пісалі, спрачаліся, марылі

Першая публікацыя Л.Гаўрылава – верш «Рыбакі» – з’явілася ў альманаху «Аднагодкі» (1935 г.) пад псеўданімам Л.Гарын. Гэты год, бадай, можна лічыць пачаткам яго актыўнай і мэтанакіраванай паэтычнай творчасці. Ён многа думаў аб паэзіі, сур’ёзна і аддана рыхтаваў сябе ў вялікую ганаровую дарогу паэтычнага служэння Радзіме. У педінстытуце Леанід сустрэў нямала прыхільнікаў паэзіі і пазнаёміўся з некаторымі маладымі аўтарамі. Найбольш блізка сышоўся з аднакурснікам, ураджэнцам вёскі Гайшыкі Слаўгарадскага раёна Кастусём Кірэенкам, які ўспамінаў: «Тры гады студэнтамі мы жылі з Леанідам у адным пакойчыку, дзялілі студэнцкія радасці і няўдачы. За адным сталом здавалі дзяржаўныя экзамены, амаль разам адыходзілі ў армію. Чуецца яго голас, нібы тут у гэтую хвіліну чытае ён упэўненна:
Наш рубеж акованы гранітам
І напят, як тонкая струна.
Ды спрабуй струну тую крані ты –
Адзавецца грукам перуна.
Бачыцца яго ўдумлівы твар, крыху нахмураныя бровы і ў вачах, як заўсёды, яснасць і ўпартасць. Ён любіў усякую працу – прачытаць лекцыю ці пайсці на суботнік па азеляненню горада, ці дапамагчы калгасу арганізаваць бібліятэку». «Поэтом можешь ты не быть, но гражданином быть обязан» – стаяў надпіс на сшытку з яго вершамі. У студэнцкім калектыве ён быў сапраўдным важаком. Вакол яго заўсёды збіраліся аматары паэзіі – чыталіся Пушкін і Байран, Шаўчэнка і Купала, Блок і Багрыцкі.
Адным з творчых прынцыпаў Л.Гаўры-лава была крылатая фраза, выпісаная з Гётэ: «Верш павінен быць або выдатным, або зусім не павінен існаваць». Не менш дакладныя, глыбокія думкі Леаніда аб паэзіі і прызванні паэта, якія ён пакінуў у дзённіку: «Аж да самай смерці паэт, як малое дзіця, ловіць усё новыя гукі, … увесь час наогул чаму-небудзь вучыцца, з кожным часам мяняецца ў сабе, бо расце і развіваецца», «Трэба, каб кожны верш значыў штосьці сам сабой»…, «Але хай самым аўтарытэтным маім крытыкам і праўшчыкам будзе само жыццё»…, «Паэт не той, каторы сам пяе нават добра, а той, песні якога пяе народ, пяюць часы».
Заўважым, што гэтак сур’ёзна сказаў 18-гадовы юнак, які сам толькі пачынаў творчае жыццё, але рупіўся пра даскананасць паэтычнага слога. Яго вершы друкуюць «Гомельская праўда», ЛіМ, «Полымя рэвалюцыі». У апошнім выданні далёка не кожнаму сталому аўтару ўдавалася тройчы за год надрукаваць свае творы, а вось малады Леанід Гаўрылаў у чацвёртым, сёмым і восьмым нумарах гэтага часопіса за 1939 год быў удастоены такога гонару.
Пра Л.Гаўрылава, яго творчасць шчырыя, цёплыя ўспаміны пакінуў ураджэнец г.Ветка. Пазней вядомы рускамоўны паэт Дзмітрый Кавалёў: «Трыццаць сёмы год … А мы былі ў дзіўным настроі, у бурным парыве. Студэнцкая, ды і не толькі студэнцкая галаднаватасць (а я тады вучыўся на вячэрнім рабфаку) не заўважалася, быццам бы яе і не было. Вось тады я ўпершыню пабачыў і пачуў Лёню Гаўрылава. Мы былі адзін для аднаго – Лёня, Косця, Міця, Коля, Ваня. Быў як у магічным сне ад першых маіх таварышчаў па літаратурным гуртку пры «Гомельскай праўдзе». А там былі тады вядомыя цяпер ужо літаратары – Іван Шамякін (пачынаў з вершаў – М.Б.), Кастусь Кірэенка, гэтак жа як Лёня Гаўрылаў і Мікола Сурначоў. Леанід Гаўрылаў паявіўся раптам.
Мы слухалі кожны раз новыя вершы, бязлітасна крытыкавалі іх, а пасля станавіліся сябрамі, знаходзячы штосьці такое адзін у адным, чаго ў нас няма ў саміх, і зайздросцячы тайна адзін аднаму.
Вось выступае вельмі сарамлівы, нават крыху палахлівы хлапчук – і о, гэтая ўлада першынства – калі ўсё да адчувальнасці жывапісна, калі ўжо не ў сілах глядзець крытычна, зусім забываешся на ўсё. Гаўрылаў чытаў пявуча, круху басам, як чмель:
Ці чула ты, ці бачыла калі,
Як хвалі ў бязладззі загулі…
Гэта пра мора, па-байранаўску мяцежнае, магчыма, яшчэ ніколі не бачнае аўтарам…
А пасля, ужо другім разам, рана вясной, ён чытаў пра тое, як прасвечаны сонцам квітнеючыя сады, – а ты, брат мой, адыходзіш з жыцця (нам здавалася страшна смела і не ў духу часу – пісаць пра смерць). І хтосьці нават намякнуў пра гэта. А ў мяне засталося назаўсёды перад вачыма гэтае прасвечанае сонцам белае буянства яблыневай вясны, яшчэ больш моцнае ад таго, што ў яе агні гасла нечае самае роднае жыццё.
Пасля чытаў у «Гомельскай праўдзе»:
Дадому правядзеш сырою баразной…
Гэта было аб праводзінах сына маткаю і да гэтага часу не забываецца.
Мы ішлі тады з ім у гомельскім парку ля Сожа, – ён чытаў вершы, толькі што надрукаваныя, лёгка сказаць – у часопісе «Полымя рэвалюцыі»:
…У водары палёў плыве здалёку
Узрушаны і жвавы вобраз твой.
Плыве спакоем зорак яснавокіх
Над вішнямі, над хатай, над травой.
Гэта, як і «смутак мой зеленагаловы», я не магу забыць. І мы тады з радасці пайшлі ў паркавы рэстаранчык, за свае мізэрныя студэнцкія рублі ўзялі піва. І так лёгка кружылася ў галаве, так хацелася ляцець кудысці.
Успамінаецца яшчэ адна сустрэча з Лёнем у Гомелі ля хлебазавода летнім ранкам. Ён быў у палатнянай вышытай беларускай кашулі. Сам такі ранішні: нешта сваё вясковае, амаль дзіцячае было ў ім перад прызывам ў Чырвоную Армію.

«…Адну ўсяго дзяўчыну ў жыцці я пакахаў…»

Такімі радкамі пачынаецца адзін з вершаў, прысвечаны Кацярыне Гарнак, якая пазней стала жонкай паэта. Пра іх кароткае сямейнае жыццё звестак мала, таму несумненную каштоўнасць уяўляе ўспамін Кацярыны Лаўрэнаўны, які захоўваецца ў БДАМЛіМ (ф.55). Прапануем яго чытачам «Чачэрскага весніка» з невялікімі скарачэннямі і ў перакладзе з рускай мовы, зробленым А.Бельскім:
«З Леанідам Гаўрылавым мы пазнаёміліся ў 1935 годзе. У інстытуце народнай гаспадаркі, дзе займаліся ён і я. Займаліся на першым курсе факультэта народнагаспадарчага ўліку прамысловага аддзялення. Маючы паэтычныя здольнасці, Гаўрылаў у 1936 годзе перавёўся ў Гомельскі педінстытут. Памятаю, у сценгазету інстытута да 1 мая ён напісаў для мяне верш… Газету павесілі ў агромістым калідоры, і мне было так няёмка, што я не магла выйсці пагуляць па калідоры.
Не памятаю, у якім годзе быў юбілей нашага беларускага паэта Янкі Купалы. Леанід дастаў білеты, і мы прысутнічалі на гэтым вечары. Мне спадабаўся вечар. На ім былі прадстаўнікі з фабрык, заводаў, уручалі паэту добрыя падарункі.
Калі Леанід перавёўся ў Гомельскі педінстытут, мы з ім трымалі цесную пісьмовую сувязь. Я была дзяўчына невысокага росту, вучылася добра, і Леанід дужа ўпадабаў мяне, моцна кахаў.
Калі надыходзілі летнія канікулы, ён увесь час прасіў, каб я дазволіла прыехаць да нас у вёску. Але я была вельмі сарамлівая, сціплая і не дазваляла прыехаць.
У 1939 годзе я закончыла інстытут, і мяне накіравалі ў Гомель. Я прыехала туды 1 кастрычніка, а Леаніду трэба было трохі яшчэ павучыцца. Потым 14 кастрычніка мы з ім зарэгістравалі шлюб.
Гаўрылава паслалі ў Слуцк у Лучнікоўс-кую школу для прахаджэння практыкі. Там яму далі кватэру, дзе мы пражылі нядоўгі час. Яму неабходна было здаць экзамены.
Да нас у вёску мы прыехалі ў канцы чэрвеня, а 1 жніўня ён паехаў да бацькі, адкуль і пайшоў у армію. Да мяне ён быў вельмі добры, пяшчотны, уважлівы. У яго было шмат сяброў, і ўсе добрыя, таленавітыя. Калі ён адыходзіў у армію, у мяне была цяжарнасць сем месяцаў. Калі нарадзіўся сын, мы павіншавалі Леаніда тэлеграмай. Калі сыну мінула 6 месяцаў, мы сфатаграфавалі яго і выслалі картку. Леанід напісаў два вершы, прысвечаныя сыну…»
На жаль, пра далейшы лёс жонкі Л.Гаўрылава і яго сына нічога невядома.

Дзе і калі загінуў паэт?

У 1940 годзе паэт змяніў цывільнае аддзенне на салдацкую форму. Пошукі фактаў з вайсковага жыцця Л.Гаўрылава вывелі на афіцэра ў адстаўцы правадзейнага члена Геаграфічнага таварыства пры былой Акадэміі навук СССР, публіцыста, жыхара г.Баранавічы Міхася Маліноўскага, які таксама неабыякавы да лёсу паэта-патрыёта і аператыўна адгукнуўся на нашу просьбу: «Калі вы будзеце ехаць па дарозе са Слоніма ў Масты, то спыніцеся каля вёскі Дзярэчын Зэльвенскага раёна на Гродзеншчыне і нізка пакланіцеся мясцовым палям і лясам, бо тут у жорсткім баі гераічна загінуў танкіст і паэт Леанід Гаўрылаў разам з таварышамі па зброі.
Што ж адбылося ў той час пад Дзярэчынам? Працытуем дзённікавы запіс афіцэра-фашыста з дывізіі «Фальке». Дакумент захоўваецца ў Падольскім архіве. Размова ідзе пра бой на палях паміж Дзярэчынам і в. Мілявічы (Мастоўскі раён), у якім удзельнічаў з нашага боку і танкіст-паэт Л.Гаўрылаў. «Вельмі радасна наступаць з нашымі танкістамі, – піша нямецкі ваяка, – амаль выключна па-за дарог, полем. Цераз вышыню 191 (каля 3 км. ад Дзярэчына) выйшлі на дарогу Зэльва – Мілявічы. Нечакана перад намі з’явіўся рускі цяжкі танк. Мы адразу ж выскачылі з аўтамашыны, рассяродзіліся і схаваліся. Затым пачалося. Дзякуючы вельмі добраму ўдару, мы прабіліся амаль да Мілявічаў. Там нашы танкі прыпыніліся. Загадана не ісці далей, бо прыбылі яшчэ шэсць рускіх танкаў і накінуліся на нас, адкрылі стральбу. Сярод руін сяла ляжаць цяжкія зеніткі і артылерыя. Налева ад нас – другі батальён. За недахопу маторнага паліва танкі былі адцягнуты назад. У нас трое параненых разляцеўшымі часткамі рускага танка».
Гэты дзённік фашысцкага афіцэра знайшоў у Падольскім архіве таленавіты беларускі журналіст Міхась Кадзет і выкарыстаў у сваёй дакументальнай аповесці «Тайны смутнага скорбнага лета». Урывак тых запісаў быў прыведзены ў зборніку «Славуты Зэльвенскі край» (г.Ліда, 2004) пад назвай «Бой пад Дзярэчынам», дзе прыводзяцца факты за 29 чэрвеня 1941 года. Міхась Кадзет пісаў: «Пад Дзярэчынам у той дзень загінуў малады механік-вадзіцель трыццацічацвёркі 47-га танкавага палка (з выдання «Недаспяваныя песні», Мінск, «Мастацкая літаратура, 2015, стар. 80: «…быў прызваны ў вайска, служыў механікам-вадзіцелем баявой машыны ў 47-ым танкавым палку 20-ай матарызаванай дывізіі пад Столінам, непадалёку ад заходняй граніцы. Незадоўга да вайны ён напісаў дамоў, што рыхтуецца да экзамену на пасаду камандзіра танка. У другім лісце радаваўся, што салдаты спяваюць у страі напісаны ім марш танкістаў, а ў трэцім – аб сваім вершаваным выступленні на палкавым камсамольскім сходзе. Незадоўга да вайны Гаўрылаў паведаміў, што складае зборнік вершаў, каб выдаць яго пасля арміі. Пісаў у дывізіённую шматтыражку. У той газеце, дарэчы, інструктарам-літаратарам служыў тады ўраджэнец Краснапольскага раёна Мікола Ткачоў, равеснік Гаўрылава і яго калега па пяры.
Удалося даведацца і аб апошніх хвілінах жыцця Леаніда. Трыццацічацвёрка, кіруемая ім, разагнала нямецкіх пехацінцаў, якія акапаліся на схіле вышыні за Мілявічамі, але аб’язджаючы невялічкі лясок, наскочыла на засаду з двух танкаў Т-III. Іх снарады не змаглі прабіць лабавую браню трыццацічацвёркі, а яе выстрал у адказ звярнуў башню аднаго з нямецкіх танкаў. Наступны снарад наводчык выпусціць не паспеў. Ад удару варожага снарада Т-34 спыніўся. Нямецкі пехацінец выскачыў з укрыцця, падпаліў яго «бомбай» са спіртам. Аднак рухавік нечакана зноў загудзеў, і трыццацічацвёрка ірванула з месца, нібыта з апошніх сіл урэзалася ў другі варожы танк…
Незадоўга да вайны Л.Гаўрылаў напісаў верш, у якім былі такія радкі:
Я ворага першым спаткаю ў баю,
Аддам галаву за Радзіму сваю…,
нібы прадбачыў подзвіг на невялікай прызэльвенскай вышыні…»
На жаль, некалькі гадоў таму назад не стала Міхаіла Фёдаравіча Кадзета, але яго журналісцкая пашуковая праца заслугоўвае асаблівай удзячнасці – устаноўлена дата смерці Леаніда Гаўрылава – 29 чэрвеня 1941 года.

Напісанае вяртаецца

Не абышла смерць і бацьку паэта. Рыгор Гаўрылавіч быў закатаваны фашыстамі за сувязь з партызанамі. Маці ўдалося ўратавацца і, нягледзячы ні на што захаваць сынавы сшыткі з вершамі і дзённікавымі запісамі, якія пасля трапілі да Кастуся Кірэенкі. Ён зрабіў усё, каб творы яго студэнцкага сябра пабачылі свет. У 1961 годзе выходзіць невялікі пасмертны зборнік вершаў Леаніда Гаўрылава «Вернасць». Кніга знайшла прыхільных чытачоў і ўважлівых рэцэнзентаў, у прыватнасці такіх вядомых літаратуразнаўцаў як Вячаслаў Рагойша і Рыгор Бярозкін. Пры наяўнасці ў кнізе слабых вершаў, што зусім натуральна для творчасці маладога паэта, Р.Бярозкін адзначыў «шырыню жыццёвага погляду» Л.Гаўрылава, назваў паэта, як і некаторых яго паэтычных аднагодкаў «дзецьмі свайго часу, прызвычаенымі глядзець на саміх сябе, нават на самыя асабістыя свае перажыванні пры святле агульнанароднага». Лепшыя вершы паэта («Цішыня», «Сож», «Сталасць», «Маладзік», «Запахнуць ноччу духавітай травы» і іншыя) настройваюць на роздум, на ўспрыняцце жыцця ў светлай, аптымістычнай афарбоўцы. Таму і не дзіўна, што творы ў пасляваенны час неаднаразова перакладаліся на рускую і украінскую мовы. Гэта ахвотна рабілі паэты Дзмітрый Кавалёў, Браніслаў Спрынчан, Іван Бурсаў, Навум Кіслік, Валянцін Тарас і іншыя. Але тое, што надрукавана ў розных выданнях, – гэта толькі невялікая частка з напісанага паэтам. На жаль, многія рукапісы беззваротна згублены.
Лёс адпусціў Леаніду Гаўрылаву 23 гады жыцця, з якіх толькі лічаныя прыходзяцца на літаратурную працу. Творчы ж патэнцыял, як лічаць многія знаўцы паэзіі, у яго быў вялікі, хоць і тое, што засталося нам у спадчыну ад паэта, знаходзіць водгук у сэрцах удзячных чытачоў.
Імя паэта – патрыёта Радзімы выбіта на мармуравай дошцы ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі сярод іншых літаратараў, якія не вярнуліся з крывавых палёў Вялікай Айчыннай. Шануюць імя творцы і на Чачэршчыне. На малай радзіме, у камуна-ленінскай школе, 12 гадоў таму ўстаноўлена мемарыяльная памятная дошка. У Чачэрскай раённай бібліятэцы праводзяцца вечары памяці паэта, літаратурныя сустрэчы прыхільнікаў яго паэзіі, пра жыццёвы і творчы шлях земляка шырока і змястоўна расказвае райгазета «Чачэрскі веснік».
Падрыхтаваў Міхась Болсун.

Поделиться информацией:

1 thought on “Песня, абарваная на ўзлёце

  1. Здравствуйте. Спасибо огромное за статью о Леониде Гаврилове. Это двоюродный брат моего дедешки – Николая Гаврилова, который тоже жил в деревне Бердыж. Волею судьбы племянники Леонида Гаврилова живут в Слониме Гродненской области. Я сообщила им о том, что прах родственника покоится недалеко от них, и они собираются разыскать захоронение и поклониться могиле.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика