Падарожжа па палях ААТ “МатнявічыАгра”

Падарожжа па палях ААТ “МатнявічыАгра” мяне, як непрыстасаванага да такіх спраў чалавека, прызнаюся, крыху стаміла. Але без яго не было б усведамлення складанасці працы аграрыяў. У згаданай гаспадарцы, як і ў іншых зараз, актыўна працуюць з травой. Частку косяць і сушаць. Якім жа прыемным водарам свежага сена напаўняецца тут паветра! Так і хочацца адкінуць усе справы і паабедаць ля рулона. Але ж… Едзем далей, пакідаючы сярод гэтага багацця Аляксандра Паўлюкова, ён якраз прасуе сухі корм. А калі трэба, дык і дапамагае перавозіць зялёную масу.
У цянёчку ля ляснога масіва на некалькі хвілін спыніліся два КЗРы, МАЗ, трактар з напоўненым зялёнай масай прычэпам і яшчэ адзін сталёвы асілак, які ў выпадку неабходнасці дапамагае выехаць іншым з багны. Хлопцы, як іх ласкава называе кіраўнік, абмяркоўвалі план далейшых дзеянняў. Якраз за гэтай справай іх і засталі. За адказнага тут назначаны малады намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Юрый Патапенка. Але раўняцца намечана, як патрабуе традыцыя, на самага старэйшага ў гаспадарцы механізатара Васіля Мельнікава. У мінулым годзе Васіль Мікалаевіч каля дзевяці тысяч тон кармоў нарыхтаваў, за што і атрымаў маразільную камеру. Летам для мужчыны гэты від работы – асноўны, а зімой чакае праца слесара па абслугоўванню жывёлагадоўчых памяшканняў. Аналагічны “марозны” падарунак трапіў у хату і іншага майстра на ўсе рукі Сяргея Ляднёва. Зараз механізатар задзейнічаны на адвозцы масы, акрамя таго і сяўбой кукурузы займаецца, і глебу ўзорвае, і ўраджай зерневых збірае. У камандзе па нарыхтоўцы кармоў таксама механізатары Сяргей Журкоў, Аляксей Апанасенка і вадзіцель Пётр Мельнікаў – і гэта толькі тыя, з кім давялося пагутарыць. На трамбоўцы ям у дзве змены працуюць два цёзкі Аляксеі Патапенкі і Андрэй Корхаў. Раней жа за астатніх выязджае на поле касіць траву Міхаіл Хурбатаў. Днём у самую спякоту ён мае некалькі гадзін адпачынку, а затым зноў вяртаецца на бяскрайнія сенажаці.
Зараз у сельгаспрадпрыемстве на зіму жывёлу забяспечваюць сенам, але больш рыхтуюць для яе сілас. Як тлумачыць дырэктар Сяргей Мікалаевіч, складанасць з нарыхтоўкай сенажу ўзнікае з-за таго, што шмат у гаспадарцы тарфяной і балоцістай глебы, таму і плануюць тут зрабіць ухіл толькі на два віды кармоў. Ужо дзве сіласныя ямы закладзены, а гэта амаль дзве тысячы тон зялёнай масы. З першага укосу траў збіраюцца нарыхтаваць яшчэ тысячу тон сіласу, а астатнюю частку запоўняць больш позняй кукурузай і атавай.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика