Спявае душа ў замілаванні

IMG_00447Аб тым, што на Чачэршчыне шмат адораных самадзейных артыстаў, вядома даўно. А як пачынаецца зорнае ўзыходжанне, няспынна ілюструюць тэматычныя мерапрыемствы для самых маленькіх. Асобную ролю сярод іх займае фестываль дзіцячай творчасці «Как прекрасен этот мир». 

Праходзіць маштабнае раённае мерапрыемства штогод, і склікае яно выхаванцаў дашкольных устаноў. З верасня рабяты актыўна займаюцца з педагогамі, каб да надыхода лета выдатна валодаць вывучанымі танцамі і песнямі. На гэты раз фестываль быў прымеркаваны да Дня абароны дзяцей і сабраў удзельнікаў з усіх садкоў.
На сцэне раённага Дома культуры, як звычайна, было шумна і весела. Усяго на падмосткі выйшлі 67 дзяўчынак і хлопчыкаў ад самых маленькіх да заўтрашніх школьнікаў. І кожны стараўся паказаць усё, на што здольны. Тут не патрабавалася быць лепшым за некага, бо конкурснай асновы фестываль не мае. Малым куды больш важна парадаваць родных і знаёмых, што сабраліся ў зале, каб затым пачуць запаветнае «Малайчына!». А для падтрымкі заўсёды побач любімыя выхавацелі. Нехта з іх выходзіць на сцэну разам з выхаванцамі, а нехта проста сціскае кулакі за кулісамі, хвалюецца, прагаворваючы пра сябе словы песень ці ўзгадваючы рухі танцаў.
IMG_0488Арганізатары фестывалю – супрацоўнікі аддзела адукацыі – з радасцю канстатуюць актыўнасць усіх удзельнікаў. Шмат нумароў рыхтуюць у горадзе, але і вясковыя таленты імкнуцца не адставаць. Задору хапае на ўсіх, адказнасці – таксама. Педагогі не толькі прыдумляюць нумары, але і самастойна шыюць касцюмы. Дзіву даешся, калі перад гледачамі з’яўляюцца дзеці і дарослыя ў выглядзе звяроў і птушак або з элементамі нацыянальнай атрыбутыкі на сукенках… Ды і іншыя касцюмы зробленыя з адзнакай высокага майстэрства. У гледачоў аж душа спявае ў замілаванні. І тут зусім не страшна, калі часам блытаюцца ногі ці голас. Гэта ж толькі пачатак. А падчас яго, як вядома, хто не падае, той не падымаецца.
Лізавета САВІЦКАЯ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика