Ні дня без мастацтва

IMG_2291Загадчык матнявіцкага Дома культуры Аляксандр Курдзюмаў 60-годдзе адзначаў сярод калег, сваякоў, сяброў і аднавяскоўцаў. Пад яго кіраўніцтвам дзейнічаюць тры самадзейныя калектывы «Радуніца», «Ходзікі» і «Матнявіцкія весялухі». Юбіляр таксама паспявае акампанаваць салісткам народнага ансамбля народнай музыкі і песні «Чачэрцы». Яго талент, палёт натхнення, мастацкія здольнасці добра знаёмыя гледачам, што зноў і зноў наведваюць шматлікія мерапрыемствы.

Як заведзена ў артыстаў, у святочны дзень імяніннік ладзіў творчы вечар. Падчас канцэрта было сказана шмат шчырых пажаданняў, а яшчэ абаяльная вядучая Галіна Дарафеева распавядала пра найбольш значныя падзеі ў жыцці Аляксандра Васільевіча. Вось такі атрымаўся партрэт. Ён нарадзіўся ў Матнявічах і з дзяцінства захапляўся музыкай. У сям’і народныя песні і матывы былі неад’емнай часткай кожнага дня. Талент атрымаў у спадчыну ад бацькі Васіля Міхайлавіча, які граў на балалайцы, а таксама ад бабулі Любы, якая вельмі прыгожа спявала. Дарэчы, першы інструмент набыў дзед. Каб зарабіць грошы, ён сабраў на агародзе ўраджай сліў і павёз на продаж у Гомель. Дамоў прыехаў з балалайкай, той самай, што не адзін год весяліла народ. Мары стаць музыкантам не давалі спакою Аляксандру. У пятым класе ён ужо граў на гармоніку, спрабаваў падхапіць ноты на баяне, падбіраў мелодыі на слых. Калі прыйшоў час выбіраць прафесію, паступіў у Гомельскае музычна-педагагічнае вучылішча. Працоўны шлях культработніка пачаўся ў Брэсцкай вобласці, але неўзабаве паклікала малая радзіма. З 2000 года ўзначальвае матнявіцкі ДК і далучае насельніцтва да мастацтва. Заўсёды поруч жонка Ніна Міхайлаўна. Рэпетыцыі наведваюць людзі розных узростаў. Пасля школы прыбягаюць удзельнікі «Ходзікаў», падаіўшы кароў, спяваюць «Матнявіцкія весялухі», калі дазваляе здароўе, збіраюцца самыя заўзятыя артысткі з «Радуніцы». Нават размяняўшы дзявяты дзясятак, пенсіянеркі не развітваюцца са сцэнай. Варта дадаць, што дынастыя Курдзюмавых працягваецца. Старэйшая дачка Аляксандра Васільевіча Ірына здзіўляе вакальнымі здольнасцямі і з’яўляецца мастацкім кіраўніком калектыву  «Чачэрцы». Малодшая Алена працуе акампаніятарам у Матнявічах. Усе спявалі для імянінніка і разам з ім. А гаспадар свята не стамляўся нагадваць прысутным, што дзверы клуба заўсёды адкрыты для іх. Тут кожны можа развіваць свае здольнасці, займацца мастацтвам.
За плённую працу і актыўны ўдзел у творчым жыцці раёна Аляксандр Васільевіч атрымаў Падзяку раённага Дома культуры. Калегі шчыра шануюць прафесіяналізм і асабісты ўклад у справу адраджэння і захавання нацыянальнай культуры. Віншавалі юбіляра таксама старшыня Роўкавіцкага сельсавета Аксана Коўганава, кіраўнік ААТ «МатнявічыАгра» Ігар Піліпчук, дырэктар мясцовай школы Антаніна Гарбунова і ўсе госці.
Гады прыбавілі мудрасці ды добрых успамінаў, а душа па-ранейшаму застаецца апантанай велічнай музыкай.
Лідзія ХАРАШЫЛАВА.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика