Яго радзіма – Чачэрскі раён

IMG_2466Нашаму знакамітаму земляку Міхасю Болсуну споўнілася 75 год. З нагоды гэтай даты мы сустрэліся з майстрам рыфмаванага слова і задалі яму некалькі пытанняў.

– Міхаіл Міхайлавіч, калі Вас упершыню напаткала натхненне і зразумелі, што будзеце пісаць?
– Гэта адбылося яшчэ ў шостым класе. А ў 10-м мой верш пад назвай «Я жыхар калгаснай вёскі» быў надрукаваны ў раённай газеце.
– Сур’ёзная тэматыка. Вы ўжо ў юнацкія гады шчыра цанілі хараство роднай зямлі, плённую людскую працу…
– Інакш не магло і быць. Я, як сялянскі хлапчук, з ранняга дзяцінства ў самае сэрца ўвабраў і квецень лугоў, і пах збажыны, і срэбраныя хвалі Каўпіты ў родных Балсунах. Вялікую павагу выклікалі моцныя мазолістыя рукі дарослых. Гэта не можа не захапляць, бо такая яна – прыгажосць жыцця.
– І першы працоўны вопыт быў звязаны з вёскай?
– Безумоўна. Ужо падлеткам акучваў калгасную бульбу, касіў траву, прымаў удзел ва ўборцы ўраджаю. У маёй біяграфіі ёсць і такі радок – працаваў у буракаводчым калгасе Кіраваградскай вобласці Украіны. Тры гады адслужыў у арміі. Затым, калі вярнуўся на малую радзіму, быў загадчыкам бібліятэкі, настаўнікам.
– Гэта значыць, талент, прага да творчасці Вас не адпускалі? Бо і чарговая прафесія, з якой прайшлі значную частку жыцця, патрабавала менавіта таго, чым Вы шчодра адораны, – майстарскага слова.
– На журналісцкай працы я з 1965 года. Быў намеснікам рэдактара чачэрскай райгазеты, узначальваў буда-кашалёўскую раёнку. Доўгі час працаваў старшым рэдактарам і загадчыкам аддзела ў Гомельскім абласным тэлерадыёаб’яднанні.
– Пагадзіцеся, у журналістыцы больш прозы, чым узвышанай паэзіі. І па Вашаму асабістаму выказванню: «Калі не хапае прозы, каб выказаць пачуцці, тады нараджаюцца вершы». А Ваша душа жыве гэтымі пачуццямі, поўніцца імі. Што для Вас паэзія? Хто Ваша муза?
– Паэзія – гэта цэлы сусвет з вобразамі, гукамі, пахамі, перажываннямі, гэта шчырая любоў да ўсяго жывога. А муза мая – прырода і сялянскі каларыт. Звярніце ўвагу: большасць беларускіх літаратараў – дзеці вёскі. Яны бліжэй да зямлі, да людзей. Таму ў іх творах простыя, зразумелыя і дарагія сэрцу многіх з нас героі і сюжэты.
– Ваша творчасць таксама кранае да глыбіні душы і мае шмат прыхільнікаў. Вам спадарожнічае поспех. Якая ўзнагарода самая важная?
– Тая, што падарыла не творчасць, а лёс – сустрэча з бацькам. Маці нарадзіла мяне ў лютым 1942 года. Ужо восем месяцаў грымела вайна. Тата пайшоў на фронт. І вось снежань 46-га. Снегу чамусці не было. А амаль пад вакном нашай хаты – замёрзлая рэчка Каўпіта. Рабяты, у каго ёсць абутак, коўзаюцца, смяюцца. Мне зайздросна і я прашу дзеда сплесці новыя лапці. Ён пакрэхтваючы бярэцца за справу. І тут раптам у шыбу вакна нашай хаты стукае суседская дзяўчына са словамі: «Дзед, Ваш Міша ідзе!» Гэта быў мой тата. Як жа мы ўсе радаваліся! Я на ўсё жыццё запамятаў моцны бацькаў абдымак. А яго гасцінцы здаваліся смачнейшымі за ўсё на свеце.
– Што імкнецеся данесці да чытача ў сваіх вершах?
– Толькі самае светлае і прыгожае. Імкнуся пісаць так, каб той, хто чытае твор, уяўляў створаную словамі карціну. І калі бачу, што атрымліваю шчыры водгук чалавечай душы, адчуваю сябе шчаслівым.
Гутарыла Ірына ЧУЯНКОВА.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика