ДОБРАЯ ПРАЦА Ў ПАШАНЕ

Мінулы суботні сонечны дзень вітаў удзельнікаў сходу па падвядзенню вынікаў працы народнагаспадарчага комплексу Чачэршчыны за мінулы год. У кінаканцэртным цэнтры “Акцябр” сабраліся прадстаўнікі амаль усіх сельгаспрадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна. Ушаноўвалі працавітых чачаран. Лепшых па прафесіі вылучала чырвоная лента з адпаведным надпісам. Кіраўніцтва раёна ўручыла сумленным работнікам Ганаровыя граматы і падарункі. Іх было шмат. За дасягненні ў вытворчасці малака, бульбы адзначаны калектывы сельгаспрадпрыемстваў “Отар”, “Вазнясенск” і іншыя. Падзяку атрымалі работнікі УП “Звязда”, спецлясгаса і гімназіі горада за высокі ўзровень арганізацыі ідэалагічнай работы ў калектывах.
Узнагароды сведчаць аб нязгаснай любові чачаран да сваёй справы, аб вялікім жаданні прыносіць людзям карысць і самому радавацца вынікам зробленага, а яшчэ аб тым, што кожны жыхар раёна сваімі штодзённымі намаганнямі гатовы і надалей праслаўляць родную старонку.
Гучала музыка. Быў святочны канцэрт, у тым ліку з удзелам артыстаў з горада Рагачова. Працавалі розныя выставы, тут былі прадстаўлены маркі вырабляемых на вінзаводзе він, прадукцыя з саломы і лазы прадпрыемства “Надзея”, прапанавалі набыць прадукцыю камбінаты бытавога абслугоўвання і грамадскага харчавання, прыватнага прадпрыемства “ЭдвісПак”. Спосабамі вытворчасці цікавіліся члены дэлегацый, што завіталі на мерапрыемства з гарадоў-пабрацімаў: Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці, Краснагорскага раёна Браншчыны і горада Палеска Калінінградскай вобласці Расіі. Педагогі муж і жонка Сукаватых, якія завіталі на свята з берагоў Балтыкі, – беларусы. Мікалай Іванавіч шмат гадоў працуе выкладчыкам Палескага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчага профілю № 21, а Вольга Леанідаўна бібліятэкар філіяла Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. З мэтай наладжвання дзелавых сувязей наведалі ДПТВ-186 і дамовіліся абменьвацца вопытам. А ўдзельнікаў святочнага сходу Мікалай Іванавіч вітаў радкамі са свайго зборніка вершаў.
Святлана ГЕРАШЧАНКА.
На здымках: прадукцыю ТАА «ЭдвісПак» рэкламуе дырэктар прыватнага прадпрыемства В. Шруб; дэлегацыя сельгаспрадпрыемства «Палессе», кіраўнік гаспадаркі В. Ільюшэнка (злева).

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика