“БУДЗЕМ СЕЯЦЬ, БЕЛАРУСЫ, НА ЎСХОД СОНЦА ЧЫСТЫМ ЗЕРНЕМ…”

– Мікалай Фёдаравіч, якія справы зноў і зноў клічуць Вас на нашу зямлю?
– З Чачэршчынай я сустрэўся больш за 20 гадоў назад. Некалі ў Нісімкавічах мне давялося далучыцца да стварэння мастацкага калектыву і нават давесці яго да звання “народны”. Памятаю, як заўсёды дабіраўся туды, каб сустрэцца з таленавітымі жыхарамі. Мяне прываблівала іх самаадданасць. Пры самых першых сустрэчах я зразумеў, што тут, на Чачэршчыне, ёсць “залежы” усіх сродкаў, відаў і жанраў нашай традыцыйнай культуры і фальклору. Мяне больш цікавілі вытокі народнай тэатральнай культуры. Таму я назіраў, як прыходзілі на вячоркі, пераапраналіся, браў для сябе нешта цікавае з маналогаў і дыялогаў. Пасля такіх сустрэч даводзілася праводзіць жанчын з суседніх вёсак праз лес дадому. Самому было неяк не па сабе: ваўкі ці яшчэ нешта падобнае… (усміхаецца). Так пакрыху і далучыўся да вашых народных вытокаў. Першая праца тут была звязана з падрыхтоўкай і правядзеннем святкавання даты заснавання Чачэрскага раёна. Пасля мяне запрасілі ўвасобіць тут Купалле. Кранула мяне тады рака Чачора, прылягаючыя ландшафты. Менавіта там на падоле за Замчышчам я і зрабіў гэтае мерапрыемства, надалей прыйшлося стаць рэжысёрам 845-годдзя горада.
– Сёння Вас таксама можна сустрэць на вуліцах Чачэрска. Усе рыхтуюцца і чакаюць 850-годдзя. Рэжысёр чарговага свята ў пошуках ідэй?
– Так, але я назваў бы гэта крышачку інакш. Ведаеце, калі рэжысёр пачынае працаваць над святам? Не тады, калі пачаліся рэпетыцыі, а тады, калі яму сказалі, што ён будзе рабіць. Менавіта пасля і пачынаюць узнікаць нейкія ідэі, вобразы. Нават ноччу сняцца сны. Можна ўставаць і запісваць… Трэба быць назіральным, каб уз’яднаць “рознамоўны” матэрыял у адно цэлае і, галоўнае, не згубіцца ў ім. Вось і працую. Таму няхай чачаране не здзіўляюцца, калі рэжысёр каго спыніць на вуліцы ды прапануе нейкую ролю ў свяце.
– Заслону набліжаючага мерапрыемства крышачку прыадкрыеце?
– Адзін рэжысёр сапраўднае свята зрабіць не зможа, і зразумейце мяне правільна. Наша агульная задача – я маю на ўвазе не толькі супрацоўнікаў сферы культуры і адукацыі, але ўсіх чачаран увогуле, – увасобіць задумкі і неардынарныя ідэі. Галоўныя асобы гэтага свята – самі жыхары. Хто можа выступіць у якасці акцёраў, хто – у якасці выканаўцы, арганізатара, сузіральніка, а хто і ўвогуле мае на падворках экспанаты старадаўняй культуры. Менавіта такія прылады сталі б каштоўным рэквізітам на выставах у святочныя дні ці ўвогуле занялі б пачэснае месца ў гісторыка-этнаграфічным музеі.
На святкаванні юбілея горада плануецца шмат чаго цікавага і разнастайнага. Конкурсы па выяўленню таленавітых гарманістаў, прыпевачнікаў, мастакоў і іншае. Ёсць у мяне задумы і наконт арганізацыі конкурса “Міс Прыгажуня”.
– Скажыце, у чым Вы, як прафесіянал, бачыце важнасць чачэрскіх культурных традыцый. Ці ёсць, на Ваш погляд, на нашай зямлі нейкая свая “ізюмінка”?
– Ведаеце, папрацаваўшы шмат дзе, я ўпэўніўся ў адным дасканала: таленавітая Чачэршчына ў розных аспектах. Дарэчы, адсюль я шмат чаго вынес для сваёй працы. Адчуваю, што гэтае месца насычана вялікімі залежамі тэатральнага фальклору. Таму планую яшчэ папрацаваць тут ёй. Да таго ж, у вас, безумоўна, своеасаблівая культура. Па-першае, вы мяжуеце з Расіяй, якая ўздзейнічае на традыцыі Чачэрскага раёна. Па-другое, вы маеце непадобную да іншых у рэспубліцы царкву, нават адзіную такую ратушу. А росквіт чачэрскай зямлі пры праўленні графа Чарнышова-Круглікава! Нездарма ж тут дзейнічалі вялікія гістарычныя асобы, узнікалі архітэктурныя будынкі.
– А які з калектываў за час Вашай працы ў раёне запомніўся больш за ўсё і чаму?
– Шмат гадоў назад прывабіла мяне творчасць народнага фальклорнага ансамбля “Лёс” вёскі Бабічы. Я нават і па радыё перадачу рабіў пра яго, будучы вядучым гомельскага канала. Адметнасцю яго з’яўляецца этнаграфія і пераемнасць пакаленняў. І галоўнае – не згубіць гэта. Яшчэ дзіўна было і тое, што кіраўніком і акампаніятарам калектыву “Чачэрскі гармонік” была жанчына Л. А. Галубіцкая. Трэба разумець яшчэ вось што: час імкліва бяжыць і мы рухаемся наперад. На тэрыторыі вашага раёна некалі сапраўды буялі традыцыі, гісторыя, культура. З кожным годам адыходзяць ад нас таленавітыя людзі. Таму трэба як мага хутчэй захапіць усіх, хто можа нешта расказаць і паказаць.
– І напрыканцы размовы Вашы пажаданні ўсім чачаранам.
– Я веру ў чачэрскую зямлю! І гэта не проста гучныя словы. Пасля спаду творчага настрою любога калектыву новыя фарбы абавязкова забуяюць зноў – гэта заканамернасць. Ваша традыцыйная культура павінна толькі свяціць і ўзбагачацца. Я ўпэўнены дакладна. Ведаю, што зямлю гэтую захапіла і чарнобыльскае крыло. Мне ў свой час прыйшлося ўвасабляць тэматычны рэспубліканскі фестываль. Нездарма ён называўся “А жыць будзем!”. У ім прымалі ўдзел і чачэрскія выканаўцы. Таму: “Будзем сеяць, беларусы, на ўсход сонца чыстым зернем…”. Я хацеў бы пажадаць усім жыхарам Чачэршчыны аптымізму, добрага настрою, дабрабыту, здароўя і мірнага неба над гэтай старажытнай прыгожай зямлёй.
Гутарыла Таццяна ЯКУБОЎСКАЯ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика