Чачэрскай зямліцы жывыя крыніцы

IMG_5526Адно з багаццяў нашай зямлі – срэбраныя крыніцы з гаючай цалебнай вадою. Іншы раз толькі яна можа вылечыць хваробу і вярнуць чалавеку радасць здаровага жыцця.
У вёсцы Бяляеўка з чатырнаццаці калодзежаў засталося чатыры. Замяшчаюць іх недахоп сем крыніц: Лісімава, Напрэйкава, Барчанкіна, Клімава і іншыя. А ў акрузе населенага пункта налічваецца яшчэ столькі ж. Cамыя каштоўныя, з цікавай гісторыяй і захапляльнымі легендамі, размяшчаюцца ў лясным масіве ўздоўж ракі Молінка. Пра кожную з іх можа падрабязна расказаць бібліятэкар бяляеўскага клуба-бібліятэкі Марына Іванова, якая даўно займаецца зборам інфармацыі пра прыроднае багацце краю. Узброіўшыся фотаапаратам, блакнотам і ручкай, я сабралася ў дарогу, каб асабіста дакрануцца да таямніц старых паданняў.
Мінаваўшы Рудню (так называецца ўчастак поля, дзе сустракаюцца камні-магніты і, па папярэдніх дадзеных, дзе раней ажыццяўлялася здабыча балотнай руды), перайшоўшы стары бярвенчаты масток праз вузкую рачулку, першы прыпынак мы зрабілі каля Молінскіх: побач адна ля другой стаяць аброчныя, чыншавыя крыніцы з жывой і мёртвай вадою. Раней, расказвае краязнаўца, сюды прыходзілі людзі, маліліся за гаспадарку, прасілі поспехаў і збаўлення ад немачы. З сабою прыносілі ў дар грошы, іконы, набожнікі, ставілі свечкі і ўпрыгожвалі крыж каляровымі стужкамі. Калі вада з «мёртвага» вытока дапамагала прагнаць хворасць, здароўе замацоўвалі «жывой». Адметна, што абапал гэтага месца расце занесеная ў Чырвоную кнігу Беларусі расліна капыцень, якая вясной выкідвае ствол з буйнымі фіялетавымі кветкамі. А пад травяной зялёнай коўдрай – радовішча сіняй гліны.
Калі ісці далей па левым беразе Молінкі, напаткаеш Чабаткоўскую, якая выпіхвае з глыбінь белы пясок, Баркіну, Сцюдзёную, Падыгрушанскую-Васільеўскую, Кіпячыя ключы-1 і Кіпячыя ключы-2, дзе і зімой у самы люты мароз ад паверхні вады сыходзіць пара, а таксама Каменскую, каля якой ляжыць вялізны камень-валун, надзелены чароўнай сілай пазбаўляць ад болю ў суставах, добра вылечвае ногі. Крыштальная вільгаць нясе светлую энергетыку, наталяе цела моцай, дае надзею. Магчыма, яшчэ ад таго, што, праходзячы праз белы мел, атрымлівае ідэальную фільтрацыю і напаўняецца карыснымі мінераламі. Як сцвярджае Марына Уладзіміраўна, ужываць крынічную ваду – адно задавальненне. Яна чыстая, як сляза, і кожная мае свой асабісты смак. Стан большасці вытокаў нездавальняючы, ключы зацягвае тванню і забівае смеццем. Устаноўленыя крыжы яшчэ даўней знішчылі вандалы, разбурылі каптажы і кольцы. Сцежкі сюды зараслі пустазеллем і хмызой, і толькі мясцовыя старажылы ведаюць да іх кароткі шлях.
– Крыніцы – гэта маленькія, цудоўныя чараўнікі, якія бруяцца, звіняць, гуляюць па траве, наталяючы глебу вільгаццю, – усхваляе прыроднае багацце Марына Уладзіміраўна. – Нашы продкі заўсёды аберагалі гэты дар нябёсаў. Даглядалі, лічылі святасцю, бо вада мае магічную сілу, захоўвае генетычную памяць зямлі. На вёсцы ніколі не кажуць «пайсці за вадой», а гавораць «пайсці па ваду». Хтосьці цэніць золата, нехта дарагое каменне ці нафту. Але няма нічога даражэй кварты сцюдзёнай празрыстай вадкасці, што рвецца на волю з глыбіні нетраў.
Вывучала легенды
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика