Для мяне мова вечна жывая

IMG_4754044Пытаюся ў сябе: «Ці змагла б я ў паўсядзённым жыцці размаўляць па-беларуску?» І тут жа разумею, што не – не хопіць ні ведаў, ні смеласці. Задаю аналагічнае пытанне сябрам ды калегам, таксама чую няпэўны адказ. Як ні крыўдна, але мы адзін з нямногіх народаў, для якіх родная мова гучыць незвычайна і параўноўваецца бадай што з замежнай, але ж яна павінна засвойвацца з малаком маці!?
Не здолелі беларусы захаваць адну з галоўных адметнасцяў нацыі. Безумоўна, гісторыя дае некаторае тлумачэнне гэтай прыкрай акалічнасці, але не апраўдвае сучаснікаў. Менавіта мы ў адказе за будучыню краіны і нацыі, таму прыемна час ад часу чытаць у вялікіх гарадах білборды са словамі на роднай мове. А запісаныя на ёй перадачы па тэлебачанню і размовы з людзьмі, якія не саромеюцца штодзень вымаўляць мілагучныя словы роднай зямлі, выклікаюць адно замілаванне. Вось толькі ёсць у згаданых сітуацыях адваротны бок – большасць з нас ня ведае, як падтрымаць суразмоўцу, а беларускамоўны канал хутчэй пераключае на іншы.
У сталіцы з кожным годам павялічваецца, умоўна кажучы, суполка, якая імкнецца размаўляць па-беларуску. Пераважае ў ёй моладзь. На Чачэршчыне ж асабіста мне давялося сустрэць шасцёра чалавек, якія з дзвюх дзяржаўных моў для штодзённых зносін абралі родную. І хай яны часам памыляюцца, выказваючы думкі, але не баяцца гэтага рабіць, бо ведаюць, што на правільным шляху. У ліку гэтай адважнай шасцёркі два мясцовыя паэты, некалькі настаўнікаў і гэта прыемная дзяўчына (на здымку).
Карына Цімашэнка прызнаецца, што першыя спробы перайсці на зносіны па-беларуску зрабіла дома ў лістападзе мінулага года. Спачатку маці дрэнна разумела некаторыя фразы, заўсёды прасіла перекласці іх на рускую мову, але з цягам часу звыклася. У такім жа становішчы апынуўся і малодшы брацік. Мікалай часам нават злаваўся на сястру, зараз жа сам імкнецца казаць ёй «прывітанне, дзякуй, да пабачэння». А некалькі месяцаў назад гімназістка пачала звяртацца на роднай мове і да настаўнікаў, сяброў і аднакласнікаў. Сапраўдным прыкладам і натхняльнікам для дзяўчыны стаў чачаранін Міхаіл Мамекін, які таксама размаўляе па-беларуску.
Падчас гутаркі адзінацца-цікласніца прызналася, што раней асабліва не цікавілася роднай мовай, а зараз стараецца штодзень папоўніць свой слоўнікавы запас новымі выразамі.
– Калі беларусы размаўляюць па-руску, акцэнт ім цяжка прыхаваць. У першую чаргу нас выдае фрыкатыўны «г» і іншыя элементы. Таму, маючы зносіны з жыхарамі суседняй краіны, разумееш: гэта не беларуская мова для нас далёкая, а руская. І каб не выглядаць недарэчна, лепш карыстацца родным словам, – упэўнена дзяўчына. – Наша мова лагічная. Да прыкладу, «рюкзак» на яе перакладаецца «заплечнік», а з гэтага зразумела: размова ідзе пра тое, што знаходзіцца за плячыма. Гісторыя ўнесла свой адбітак на фарміраванне мовы, якая адчувае на сабе ўплыў іншых. Але ў цэлым сваю арыгінальнасць захавала і сёння прызнана адной з самых мілагучных. Людзі мне кажуць: калі гутарыш з табой, хочацца самому размаўляць па-беларуску. А мне ў сваю чаргу марыцца, каб родная мова для беларусаў успрымалася арганічна, як звычайныя абставіны, а не як нейкае яскравае выключэнне.
Сапраўды, сёння трэба мець пэўнае натхненне, каб размаўляць па-беларуску. А да Карыны яно прыходзіць з лёгкасцю, бо яе творчая натура заўсёды гатовая да эксперыментаў. Хоць адзінаццацікласніца і абрала строгую прафесію, але ў жыцці хапае месца пяшчотнаму, прыгожаму і ўзнёсламу. Дзяўчына скончыла школу мастацтваў па класе фартэпьяна, спявае ва ўзорнай вакальнай эстраднай студыі «Дзеці сонца», пры гэтым выказвае прыхільнасць да спорту – любіць велапрабегі. І пры гэтым мая субяседніца мае ўласнае перакананне наконт адраджэння галоўнай асаблівасці краіны: «Каб беларусы маглі лёгка карыстацца роднай мовай, трэба кожнаму з нас працаваць над сабой. На сваё жыццё можна паўплываць толькі змяніўшы ўласны пункт погляду»…
Сёння навучанню роднай мове надзяляецца шмат увагі. У школьнай праграме адведзена аднолькавая колькасць гадзін на выкладанне рускай і беларускай моў. Аднак першую вучні чамусьці ведаюць лепш, ды і па англійскай могуць пахваліцца большымі дасягненнямі, чым па вывучэнні матчынага слова. Сустракаюцца памылкі і ў педагогаў, бо цяжка дасканала валодаць мовай, якую не чуеш заўсёды. А шкада!
…Каб некаторыя настаўнікі не казалі «адчыніце падручнікі», а вучні не ламалі язык, адказваючы на пытанне, каб дарослыя не прапускалі ў газеце ці часопісе ўсе напісаныя па-беларуску артыкулы, а журналісты для іх стварэння не звярталіся да слоўніка ці віртуальнага перакладчыка, трэба на радзіме жыць не госцем. Трэба любіць яе не толькі за смачную бульбу і прыгожыя краявіды, але і за нацыянальныя адметнасці, пра якія лепш чым па-беларуску не скажаш. А калі ў нас дзве дзяржаўныя мовы, то і валодаць імі трэба аднолькава добра.
Наталля СУВАЛАВА.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика